Папа: праз зерне ахвяры мучанікаў Бог змяняе сэрцы і збаўляе людзей
Аляксандр Панчанка - Pope
“Сёння, адразу пасля Божага Нараджэння, мы адзначаем свята святога Стэфана, першамучаніка. Апавяданне пра яго мучаніцтва знаходзім у Дзеях Апосталаў, у якіх ён апісаны як чалавек добрай славы, што служыў пры сталах і займаўся дабрачыннасцю. Менавіта ў сілу гэтай шчырай сумленнасці ён не мог не сведчыць пра тое, што было для яго найкаштоўнейшым: пра сваю веру ў Езуса, а гэта выклікала гнеў яго ворагаў, якія забілі яго, бязлітасна ўкаменаваўшы. Усё адбылося на вачах юнака, Саўла, руплівага ганіцеля хрысціян, што выступаў “гарантам” выканання экзекуцыі”, - нагадаў у сваім разважанні Пантыфік.
Францішак прапанаваў задумаецца над сцэнай, у якой сустракаюцца Саўл і Стэфан, ганіцель і ганімы. “Здаецца, што паміж імі быў непераадольны мур, цвёрды, як фундаменталізм маладога фарысея і як камяні, кінутыя ў асуджанага на смерць. І тым не менш, нягледзячы на бачнае звонку, ёсць нешта мацнейшае, што іх яднае: праз сведчанне Стэфана, насамрэч, Пан ужо рыхтуе ў сэрцы Саўла, без яго ведама, навяртанне, якое зробіць яго вялікім апосталам Паўлам. Служэнне Стэфана, яго малітва і вера, якая абвяшчае, а асабліва яго прабачэнне ў момант смерці, не дарэмныя”, - сказаў Папа, заўважаючы, што ахвяра першага хрысціянскага мучаніка кінула зерне, якое непрыкметна ўкаранялася ў грудзі яго найгоршага ворага.
“Сёння, праз дзве тысячы гадоў, мы бачым, што, на жаль, пераслед працягваецца: яшчэ ёсць – і іх вельмі шмат – тыя, хто пакутуе і памірае за сведчанне пра Езуса, як ёсць і тыя, хто падвяргаецца пакаранням рознага кшталту за тое, што паводзяць сябе адпаведна Евангеллю, і тыя, хто кожны дзень вядзе непрыкметную барацьбу, каб заставацца верным уласным добрым абавязкам, у той час як свет смяецца з іх і прапаведуе іншае. Таксама гэтыя браты і сёстры могуць здавацца прайграўшымі, але сёння мы бачым, што гэта не так. Зараз, як і тады, зерні іх ахвяры, якія здаецца паміраюць, прарастаюць і прыносяць плёны, таму што Бог працягвае чыніць праз іх цуды, змяняць сэрцы і збаўляць людзей”, - падкрэсліў Пантыфік.
“Давайце ж спытаемся ў сябе: ці маю цікаваць да людзей, якія яшчэ пакутуюць і паміраюць за веру ў розных частках свету і ці малюся за іх? Ці спрабую, у сваю чаргу, сведчыць Евангелле з паслядоўнасцю, лагоднасцю і даверам? Ці веру ў тое, што зерне дабра прынясе плён, нават калі не бачу імгненных вынікаў?”, - прапанаваў задумацца Святы Айцец, заклікаючы таксама памаліцца да Панны Марыі, Каралевы мучанікаў, каб дапамагла нам сведчыць пра Езуса.