Папа да моладзі Тэзэ: будуйце свет слухання, дыялогу, адкрытасці
Аляксандр Амяльчэня - Pope
“Слуханне – гэта акт любові. Яно ляжыць у аснове даверу. Без умення слухаць мала што можа расці і развівацца. Выслухванне дае іншаму чалавеку прастору, неабходную яму для існавання. У нас часта складваецца ўражанне, што той, хто гучней за ўсіх крычыць, варты таго, каб яго выслухалі. На жаль, сёння насілле набывае ўсё больш і больш шырокія маштабы. Мы жывём у цяжкія часы, па ўсім свеце ідуць канфлікты і войны, таму што ніхто больш не слухае. Я заклікаю вас адважыцца пабудаваць іншы свет, свет слухання, дыялогу і адкрытасці”, - звярнуўся Францішак праз свайго Дзяржсакратара да ўдзельнікаў навагодняй сустрэчы ў сталіцы Славеніі.
Адзін з выклікаў, з якім павінна сутыкнуцца моладзь, – гэта супрацоўніцтва “на карысць якаснай трансфармацыі жыцця ў грамадстве”. “Ісці разам – азначае перакрыць дарогу маргіналізацыі, замкнёнасці, выключэнню і непрыняццю нейкай катэгорыі людзей. Вы становіцеся будаўнікамі мастоў паміж народамі, культурамі і рэлігіямі для стабільнага і адкрытага свету. Мы павінны абавязацца жыць, як наш Настаўнік і Пан Езус, Які нікога не выключаў са свайго шляху. Укаранёны ў еднасці з Богам, Хрыстус дзяліўся сваім жыццём з тымі, хто прыходзіў да Яго. Ён прызнаваў прысутнасць Бога ў тых, хто знаходзіўся на ўзбочыне грамадства і нават у людзях, якія не належалі да яго народа”, - тлумачыцца ў тэксце.
“Дарагая моладзь, Святы Айцец разлічвае на вас і давярае вам, Касцёл давярае вам. Сваімі словамі і дзеяннямі падайце магутны сігнал нашаму свету, які адхіляе ўразлівых. Увасобце ў рэальнасць свае мары пра каханне, справядлівасць і мір, пачынаючы з сябе. Жывіце сучаснасцю. Не ахвяруйце сваю каштоўную маладосць на алтар ілжывых задавальненняў і павярхоўнасці”, - напісаў кардынал П’етра Паралін ад імя Святога Айца.
46-я Еўрапейская сустрэча, арганізаваная Супольнасцю Тэзэ, сёлета праходзіць у сталіцы Славеніі з 28 снежня 2023 года па 1 студзеня 2024 года на тэму Падарожнічаем разам.