Пантыфік сустрэўся з сястрой ксяндза Жака Амеля
Аляксандр Панчанка - Pope
Сустрэча прайшла 6 снежня 2023 года перад агульнай аўдыенцыяй, якую Папа правёў у ватыканскай Зале Паўла VI. Разэлін Амель падарыла Святому Айцу тэкст адной з апошніх гамілій свайго брата, яго партрэт, а таксама плакат са словамі дзіцячай песні, якую яны разам часта спявалі ў маленстве: “Прыляці галубка з аліўкавай галінкай у нашы сэрцы і наш свет, дзе павінен валадарыць мір...”.
Пантыфік сустракаўся з Разэлін Амель ужо ў трэці раз. Яна прыбыла ў Рым з нагоды прэзентацыі шостага сезона журналісцкай Прэміі імя Жака Амеля, бліжэйшая цырымонія ўручэння якой пройдзе ў студзені 2024 года ў Лурдзе з нагоды ўспаміну святога Францішка Сальскага, апекуна журналістаў.
Узнагарода прысуджаецца работнікам СМІ, якія зрабілі асаблівы ўклад ва ўмацаванне дыялогу і прымірэння паміж вызнаўцамі розных рэлігій. Прыклад такога прымірэння дала сама Разэлін Амель, якая сустрэлася з маці аднаго з забойцаў свайго брата і сёстрамі саўдзельніка гэтага злачынства, прыняўшы іх просьбы аб прабачэнні.
85-гадовы ксёндз Жак Амель быў забіты падчас святой Імшы двума маладымі тэрарыстамі, звязанымі з групоўкай Ісламская дзяржава. У 2017 годзе ў Руане распачаўся дыяцэзіяльны этап яго беатыфікацыйнага працэсу, які завяршыўся ў 2019 годзе перадачай усіх матэрыялаў, адносна яго мучаніцтва, у ватыканскую Дыкастэрыю па справах кананізацыі. У верасні 2018 года Францішак цэлебраваў святую Імшу ў капліцы Дома святой Марты ў памяць аб ксяндзы Жаку Амелю, у якой бралі ўдзел блізкія святара і каля 80-ці пілігрымаў з дыяцэзіі, у якой ён працаваў.