Францішак адзначыў свой дзень нараджэння з дзецьмі
Марыя Валодзіна – Pope
Павіншаваць Святога Айца прыйшлі каля 200 сем'яў маленькіх пацыентаў з педыятрычнага дыспансера святой Марты. Сустрэча прайшла ў Зале Паўла VI перад нядзельнай малітвай Анёл Панскі. Францішка сустрэлі спевамі і танцамі, а таксама невялікім цыркавым прадстаўленнем, пачастункамі і святочным тортам. Як заўсёды, было мноства поціскаў рук, усмешак і абдымкаў. Дзеці атрымалі калядныя падарункі ад дабрачынцаў дыспансера.
Традыцыя адзначаць дзень нараджэння Францішка з пацыентамі ватыканскай педыятрычнай структуры зарадзілася ў снежні 2013 года – у першы год яго абрання на кафедру святога Пятра. У мінулым годзе ў святкаваннях прынялі ўдзел некалькі ўкраінскіх сем'яў, якія жывуць у Рыме. Звяртаючыся тады да прысутных, Папа заклікаў не забываць пра ўкраінскіх дзяцей і ўсіх дзяцей, якія пакутуюць з-за вайны.
Сёлета ў сваім прывітанні Пантыфік нагадаў дзяўчынкам і хлопчыкам аб надыходзячым свяце Божага Нараджэння. Ён запрасіў гасцей заплюшчыць вочы і ў цішыні падумаць над тым, аб чым бы яны жадалі папрасіць Езуса на Каляды. “Падумалі? Добра. Папрасіце аб гэтым потым. А я жадаю вам шчаслівага Божага Нараджэння! Шчаслівага Божага Нараджэння ўсім вам! Заўсёды ўсміхайцеся, і хай Пан дасць вам усё тое, чаго вы жадаеце”, - пажадаў дзецям Святы Айцец.
Педыятрычны дыспансер святой Марты быў створаны Піем XI у 1922 годзе. Ужо больш за стагоддзе ён штодня аказвае дапамогу маці і дзецям, якія апынуліся ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях. Гэта магчыма дзякуючы дапамозе дзясяткаў добраахвотнікаў, як медыцынскіх, так і іншых спецыяльнасцей. Шпіталем апекваюцца сёстры міласэрнасці святога Вінцэнта дэ Поля. Узначальвае дыспансер папскі элемазінарый, кардынал Конрад Краеўскі, прэфект Дыкастэрыі па міласэрным служэнні.