Анёл Панскі: палюбіць пустыню, каб быць сведкамі Езуса
Аляксандр Панчанка - Pope
Евангелле святога Марка апісвае Яна Хрысціцеля як “голас таго, хто кліча ў пустыні”. Гэтыя вобразы здаюцца супрацьлеглымі, бо пустыня, гэта месца, дзе няма з кім размаўляць, але яны злучаюцца ў постаці прадвесніка Езуса Хрыста, - заўважыў Пантыфік 10 снежня 2023 года ў сваім каментары да літургічнага евангельскага чытання на другую нядзелю Адвента.
Францішак заўважыў, што святы Ян прапаведаваў побач з месцам, праз якое шмат стагоддзяў раней выбраны народ увайшоў у абяцаную зямлю. Ён быццам казаў: “каб пачуць Бога, мы павінны вярнуцца туды, дзе Ён суправаджаў, абараняў і выхоўваў свой народ на працягу сарака гадоў”. Пустыня – гэта “месца цішыні і таго, што сутнаснае, там нельга засяроджвацца на непатрэбным, але на тым, што неад’емнае для жыцця”.
Гэта пасланне, па словах Святога Айца, актуальнае заўсёды: каб рухацца наперад па жыццёвым шляху неабходна пазбавіцца ад лішкаў, бо добра жыць – не значыць назапашваць непатрэбнае, але вызваляцца ад усяго павярхоўнага, каб глыбей зазіраць у сябе і разумець, што па-сапраўднаму важнае перад Богам.
“Толькі калі праз цішыню і малітву мы створым месца для Езуса, які з’яўляецца Словам Айца, мы будзем здольныя вызваліцца ад забруджвання пустымі словамі і балбатнёй”, - падкрэсліў Папа, нагадваючы, што маўчанне і ўмеркаванасць – у словах, карыстанні матэрыяльнымі рэчамі, сродкамі камунікацыі і сацыяльнымі сеткамі – гэта “вельмі важныя элементы хрысціянскага жыцця”.
Пантыфік адзначыў, што голас дазваляе нам выразіць тое, што носім у думках і сэрцах, але ён таксама шчыльна звязаны з маўчаннем і цішынёй: голасам мы выказваем тое, што выспявае ўнутры нас праз уважлівае слуханне таго, што падказвае Дух. “Браты і сёстры, без умення маўчаць нам цяжка сказаць нешта добрае; чым больш уважлівае маўчанне, тым больш моцнае слова”, - зазначыў Святы Айцец.
“Мы можам спытацца ў сябе: якое месца надаю маўчанню на працягу дня? Ці гэта пустое маўчанне, магчыма прыгнятальнае, або прастора для слухання, малітвы, у якой можна захоўваць сэрца? Ці сціплае маё жыццё або напоўненае павярхоўнасцю? Ці здольныя мы цаніць цішыню, умеркаванасць і слуханне, нават калі гэта значыць ісці супраць плыні? Няхай Марыя, маўклівая Панна, дапаможа нам любіць пустыню, каб станавіцца пераканаўчымі галасамі, што абвяшчаюць Яе Сына, які надыходзіць”, - пажадаў Папа на заканчэнне свайго нядзельнага разважання.