Святы Айцец: войны губяць будучыню дзяцей
Марыя Валодзіна - Pope
Падчас штотыднёвай сустрэчы з вернікамі на плошчы святога Пятра ў Ватыкане Францішак нагадаў пра цяжкую сітуацыю, якая склалася на Блізкім Усходзе.
“Дарагія браты і сёстры! Я працягваю думаць пра сур'ёзную сітуацыю ў Палесціне і Ізраілі, дзе загінула шмат людзей. Прашу вас у імя Бога: спыніце агонь! Спадзяюся, што будуць выкарыстаныя ўсе магчымасці, каб любой цаной пазбегнуць пашырэння канфлікту, каб дапамагчы параненым і даставіць дапамогу жыхарам Газы, дзе склалася вельмі сур'ёзная гуманітарная сітуацыя”, - сказаў Папа.
“Закладнікі павінны быць неадкладна вызваленыя. Сярод іх шмат дзяцей, хай яны вернуцца ў свае сем'і! Так, давайце падумаем пра дзяцей, пра ўсіх дзяцей, уцягнутых у гэтую вайну, а таксама ў вайну ва Украіне і іншыя канфлікты. Гіне іх будучыня”, - сказаў Францішак, заклікаючы маліцца аб тым, каб хапіла сіл сказаць вайне хопіць.
Святы Айцец выказаў сваю блізкасць насельніцтву Непала, якое пакутуе ад землятрусу, а таксама афганскім бежанцам, якія “знайшлі прытулак у Пакістане, але цяпер ім няма куды дзявацца”. “Я таксама малюся за ахвяр ураганаў і паводак у Італіі і іншых краінах”, - дадаў Папа.