Святы Айцец паразмаўляў з Прэзідэнтам Ірана
Аляксандр Панчанка - Pope
Сайт Прэзідэнта Ірана паведаміў, што Раісі ацаніў заклікі Папы да спынення агню ў Газе. Гэту просьбу Святы Айцец паўтарыў падчас нядзельнай малітвы Анёл Панскі на плошчы святога Пятра, заклікаючы таксама прыкласці ўсе намаганні, каб не дапусціць пашырэння канфлікту, дапамагчы параненым і даставіць гуманітарную дапамогу жыхарам Газы. Ён заахвоціў неадкладна вызваліць заложнікаў, падкрэсліваючы, што сярод іх шмат дзяцей, якія павінны вярнуцца ў свае сем’і.
30 кастрычніка сітуацыя на Блізкім Усходзе была тэмай тэлефоннай размовы паміж арцыбіскупам Полам Рычардам Галахерам, Сакратаром па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі, і Хасэйнам Амірам-Абдалахіянам, Міністрам замежных спраў Ісламскай Рэспублікі Іран.
Цягам апошніх дзён Пантыфік правёў перамовы адносна абвастрэння канфлікту ў Святой Зямлі з некаторымі іншымі палітычнымі лідарамі: 2 лістапада ён размаўляў з Прэзідэнтам Палестыны Махмудам Абасам, 26 кастрычніка – з Прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Таіпам Эрдаганам, а 22 кастрычніка – з Прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам.