ҽ

Пантыфік: мір умацоўваецца праз дыялог, а не помсту і нянавісць

Не зброя, тэрарызм і вайна, а спачуванне, справядлівасць і дыялог з'яўляюцца прыдатнымі сродкамі для пабудовы міру, - адзначыў Папа ў звароце да прадстаўнікоў Канферэнцыі еўрапейскіх рабінаў, якіх 6 лістапада 2023 года прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане.

Марыя Валодзіна - Pope

Францішак сардэчна прывітаў гасцей і з прычыны лёгкай прастуды не стаў зачытваць, а ўручыў ім загадзя падрыхтаваны тэкст прамовы, у якой назваў арганізацыю "голасам рабінаў Еўропы" і выказаў задавальненне ў сувязі з умацаваннем адносін, асабліва ў апошнія гады.

Папа рашуча асудзіў распаўсюджванне антысеміцкіх дэманстрацый і выказаў заклапочанасць падзеямі ў Святой Зямлі, якая ў чарговы раз падверглася нападу і “смяротнаму бразганню зброі”. Святы Айцец адзначыў, што ў цемры канфлікту вернікі пакліканы будаваць братэрства і адкрываць шляхі прымірэння для ўсіх і перад усімі, у імя Усемагутнага Бога. Не зброя, тэрарызм і вайна, а спачуванне, справядлівасць і дыялог з'яўляюцца прыдатнымі сродкамі для пабудовы міру.

На думку Пантыфіка, для вернікаў вельмі важна быць сведкамі дыялогу. Толькі ў дыялогу з трансцэндэнтным і з іншымі людзьмі чалавек можа дасягнуць разумення і сталасці. Слова Усявышняга – гэта святло, якое асвятляе шляхі нашага жыцця, накіроўвае нашы крокі да пошуку блізкага, да прыняцця і цярпення, а не да рэзкіх парываў помсты і вар'яцтва лютай нянавісці.

“Дыялог з юдаізмам асабліва важны для нас, хрысціян, таму што ў нас юдэйскія карані. Езус нарадзіўся і жыў як яўрэй. Ён з'яўляецца першым гарантам яўрэйскай спадчыны ў цэнтры хрысціянства, і мы, хрысціяне, маем патрэбу ў вас, дарагія браты. Нам патрэбен юдаізм, каб лепш зразумець саміх сябе. Таму важна, каб юдэйска-хрысціянскі дыялог захоўваў сваё тэалагічнае вымярэнне, працягваючы разглядаць сацыяльныя, культурныя і палітычныя пытанні”, - адзначыў Папа.

На думку Пантыфіка, юдэйска-хрысціянскі дыялог – гэта “нешта большае, чым проста міжрэлігійны дыялог. Гэта сямейны дыялог”, таму што хрысціянства і юдаізм “цесна пераплецены”. Яны не з'яўляюцца двума чужымі веравучэннямі, якія развіваліся незалежна, без уплыву адзін на аднаго, у розныя часы і ў розных месцах. Яўрэі і хрысціяне “належаць да адзінай сям'і, сям'і Бога, які суправаджае і абараняе Свой народ”, - нагадаў Францішак.

Хрысціяне і яўрэі пакліканы разам сведчыць пра адзінага Бога сваім дыялогам і ўчынкамі. “Няхай Пан гісторыі і жыцця даруе нам мужнасць і цярпенне, каб рабіць гэта. Шалом!” – гаворыцца ў звароце Францішка.

06 лістапада 2023, 11:54