Папа: хрысціяне нясуць святло туды, дзе усё здаецца страчаным
Аляксандр Панчанка - Pope
23 лістапада 2023 года Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане каля 500 членаў Рамэнскага брацтва – каталіцкай супольнасці, якая дзейнічае пры касцёле святога Пятра ў Рамэне, недалёка ад мястэчка Арэца ў італьянскай вобласці Таскана, даючы людзям магчымасць правесці час у цішыні, малітве, працы і духоўных разважаннях. Разам з імі на сустрэчу прыбылі прадстаўнікі Групы Наіна, якая аказвае дапамогу бацькам, што перажылі балючы досвед смерці дзіцяці.
Гасціннасць, клопат і братэрства – гэты тры досведы, якія дазваляюць святлу Евангелля пранікнуць у цемру жыцця і асвяціць яго, - падкрэсліў Папа, дадаючы, што менавіта яго перажываюць “шматлікія спрацаваныя і прыгнечаныя”, якія прыбываюць у Рамэну, каб правесці некалькі дзён у цішыні на прыродзе, у гэтым “месцы прыгажосці, прастаты і ўвагі”.
Пантыфік заўважыў, што члены Рамэнскага брацтва дазваляюць сваім гасцям адчуць сябе як дома, кіруючыся Божай любоўю, якая “не ставіць умоў і не ўскладае цяжары на нашы плечы, але проста прымае і бескарысліва любіць нас”. “Ніколі не губляйце гэтага духа, а наадварот, заўсёды дапамагайце ўзрастаць гэтаму стылю адкрытасці і гасціннаці, каб працягваць быць аазісам свабоды, які выражае бясконцую і бескарыслівую любоў Бога да кожнага стварэння”, - дадаў Святы Айцец.
Гаворачы пра дапамогу бацькам, што страцілі дзіця, якая аказваецца ў Рамэне, Францішак падкрэсліў, што “бязмерны і несуцяшальны боль ніколі не павінен баналізавацца пустымі словамі і павярхоўнымі адказам”. “Плакаць з тымі, хто плача”, гэта адно з пакліканняў Рамэнскага брацтва, - сказаў ён, нагадваючы, што касцёл у гэтым месцы быў збудаваны менавіта ў часы эпідэміі чумы ў сярэднявеччы, каб быць “маленькім агеньчыкам пасярод цемры таго гістарычнага моманту”. “Рамэна нагадвае нам, што быць хрысціянамі значыць клапаціцца пра тых, хто быў паранены і пакутуе ад болю, каб запальваць святло там, дзе ўсё здаецца страчаным”, - дадаў Папа.
Францішак заклікаў сваіх гасцей распаўсюджваць мару пра братэрскі і салідарны свет, быць сейбітамі міру і сацыяльнага сяброўства. “Сучасны свет, пазначаны гвалтам і канфліктамі, мае вялікую патрэбу ў гэтым”, - падкрэсліў Святы Айцец.