ҽ

Вокладка кнігі “Мае бэтлеемскія яслі. Я раскажу вам пра галоўных герояў Божага Нараджэння” Вокладка кнігі “Мае бэтлеемскія яслі. Я раскажу вам пра галоўных герояў Божага Нараджэння” 

Папа: бэтлеемскія яслі – знак прыгажосці нашай веры

Напярэдадні Адвенту, 21 лістапада 2023 года, у ватыканскіх і італьянскіх кнігарнях з’явіцца кніга Папы Францішка “Мае бэтлеемскія яслі. Я раскажу вам пра галоўных герояў Божага Нараджэння”.

Аляксандр Панчанка - Pope

Выданне ўяўляе сабой зборнік прамоў і выказванняў Францішка на тэму бэтлеемскіх ясляў. У прадмове да кнігі ён згадаў, што двойчы наведваў Грэча. Першы раз, каб пазнаёміцца з месцам, у якім святы Францішак Асізскі прыдумаў першую стаенку – вельмі дарагі яму з маленства сімвал Божага Нараджэння, які заўсёды ўстанаўлівалася ў доме яго бацькоў, нават раней за ялінку. Другі раз ён адправіўся ў гэта італьянская мястэчка, каб падпісаць Апостальскі ліст Admirabile signum, прысвечаны значэнню і важнасці бэтлеемскіх ясляў.

Папа прызнаўся, што абодва разы адчуваў асаблівыя эмоцыі, знаходзячы ў пячоры, упрыгожанай сярэднявечнай фрэскай, якая прадстаўляе Бэтлеемскую ноч і ноч у Грэча, размешчаныя мастаком побач адна да адной. “Эмоцыі, звязаныя з маімі візітамі, падштурхнулі мяне глыбей паразважаць над хрысціянскай таямніцай, якой падабаецца хавацца ў тым, што бясконца малое”, - напісаў ён.

“Менавіта маласць – гэта шлях, які вядзе да сустрэчы з Богам”, - падкрэсліў Святы Айцец. На яго думку, па гэтай прычыне “захаванне духу бэтлеемскіх ясляў становіцца збаўленчым занурэннем у прысутнасць Бога, які аб’яўлецца ў малых, часта банальных і манатонных, штодзённых рэчах”.

Францішак звярнуў увагу на важнасць дару духоўнай праніклівасці, аб якім трэба прасіць у малітве, каб па прыкладзе пастухоў са стаенкі, умець распазнаваць Бога ў тым, што малое. Пастухі шукалі нечага вялікага і па-сапраўднаму знайшлі яго, дзякуючы вялікаму дару – здольнасці заўважаць веліч у маласці, якую вельмі любіць Бог, - падкрэсліў Пантыфік.

Папа згадаў таксама пра трох мудрацоў, якіх да бэтлеемскіх ясляў вяла асаблівая зорка, якую яны змаглі разглядзець сярод мноства зор на небе. “Мы павінны моцна прасіць Бога, каб дапамог нам убачыць такую зорку, якая заахвочвае нас да нечага большага, чым нашы звычкі, бо гэта зорка прывядзе нас да сузірання Езуса, таго Дзіцятка, якое нараджаецца ў Бэтлееме і хоча нашага поўнага шчасця”, - напісаў ён.

Пантыфік нагадаў, што Дзіцятка Езус, якога пастухі і мудрацы знайшлі ў сціплай стаенцы, не меў “знакаў магутнасці, самадастатковасці ці пыхі”, але хутчэй рысы спрадвечнага Пана, які прынізіўся “ў безабароннай, ціхай, пакорнай чалавечай істоце”. “Бог прынізіўся, каб мы маглі ісці разам з Ім і каб Ён мог стаць побач за намі, а не над намі ці на адлегласці ад нас”, - патлумачыў Францішак.

Святы Айцец выказаў упэўненасць у тым, што бэтлеемскія яслі, якія некалі сыгралі важную ролю ў евангелізацыі, могуць таксама і сёння выклікаць здзіўленне і захапленне. Таму тое, што святы Францішак пачаў праз прастату гэтага знаку, да нашых дзён застаецца сапраўдным выразам прыгажосці нашай веры, - зазначыў Пантыфік.
 

21 лістапада 2023, 10:53