ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак заклікаў католікаў да мабілізацыі ў сацыяльнай сферы

Францішак заклікаў французскіх католікаў мабілізавацца на карысць стварэння сацыяльнай згуртаванасці, братэрства і прымірэння паміж групамі і супольнасцямі.

Аляксандр Панчанка - Pope

“Будаванне грамадства, натхнёнага пачуццямі сяброўства і братэрства становіцца канкрэтнай прапановай для адкрыцця новых форм супрацоўніцтва”, - гаворыцца ў пасланні, якое Папа скіраваў за подпісам кардынала Дзяржсакратара П’етра Параліна да ўдзельнікаў Французскага сацыяльнага тыдня, які праходзіць у Ліёне.

У кантэксце міжнароднай нестабільнасці, якая выклікае хваляванне, становіцца відавочнай патрэба ў сацыяльнай еднасці, братэрстве і прымірэнні паміж групамі і супольнасцямі, - гаворыцца ў дакуменце. Адзначаецца, што ў наш час як ніколі раней зразумелая важнасць інтэгральнай экалогіі, якая дапамагае адначасова “пераадолець сацыяльныя і экалагічныя крызісы і заклікае нас не раздзяляць тое, што вельмі моцна звязана”.

У папскім пасланні падкрэсліваецца, што саміх па сабе асабістых намаганняў для захавання навакольнага асяроддзя недастаткова, каб пераадолець кліматычны крызіс, які мы перажываем. Неабходны новыя працэсы, у якіх аб’яднаюць свае намаганні палітыкі і грамадзянская супольнасць на розных яе ўзроўнях.

Заўважаецца, што рашэнне Францішка прыняць удзел ў Канферэнцыі дзяржаў-удзельніц Рамачнай канвенцыі ААН аб змяненні клімату ў Дубаі (COP28) – гэта сведчанне яго намаганняў, якія заахвочваюць усіх католікаў з рашучасцю мабілізавацца ў сацыяльнай сферы з усведамленнем таго, што вера глыбока лучыць вучняў Пана з лёсам чалавецтва, усімі жывымі істотамі і супольным домам.
 

25 лістапада 2023, 10:55