ҽ

Аўдыенцыі для ўдзельнікаў канферэнцыі аб Марыі Агрэдскай Аўдыенцыі для ўдзельнікаў канферэнцыі аб Марыі Агрэдскай  (Vatican Media)

Пантыфік: у свеце, поўным навін, патрэбна цішыня для Бога

Цішыня дапамагае пачуць і прыняць Божае слова, якое вядзе да сустрэчы з Хрыстом. Яна вельмі патрэбная ў свеце, поўным слоў, навін і камунікацыі, - нагадаў Папа.

Аляксандр Панчанка - Pope

16 лістапада 2023 года Францішак прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай Слузе Божай Марыі Агрэдскай – іспанскай манахіні з ордэна Беззаганнага Зачацця, якая жыла ў XVII стагоддзі і пакінула пасля сябе багатую спадчыну духоўнай літаратуры, заснаваную на яе містычным досведзе. Форум быў арганізаваны ў Рыме Папскай міжнароднай марыйнай акадэміяй.

Папа нагадаў, што Марыя Агрэдская ўшаноўваецца пад многімі тытуламі: “закаханая ў Святое Пісанне”, “марыйная містычка”, “евангелізатар Амерыкі”. Яны нагадваючы пра важныя вымярэнні духоўнага жыцця не толькі манахінь, але кожнага чалавека: у першую чаргу пра патрэбу ў цішыні для таго, каб пачуць і прыняць у сэрца голас Нябеснага Айца і Яго вечнае слова.

Містычны досвед Марыі Агрэдскай вучыць важнасці адносін з Богам, якія становяцца плёнам слухання і ўважлівага чытання Святога Пісання. Гэта досвед “экстазу”, пад якім разумецца выйсце па-за сябе, па-за ўласны камфорт і эгаізм, які заўсёды імкнецца панаваць над намі. “Гаворка ідзе пра тое, каб вызваліць месца для Бога”, каб у паслухмянасці Святому Духу, “мы маглі прыняць Яго ў наш дом”.

“Гэта прыклад Марыі, якая прыняла Яго ў сваім Беззазанным Сэрцы, раней чым у дзявочым улонні”, - сказаў Пантыфік, дадаючы, што ў такім сэнсе, манахіні сузіральных ордэнаў праз свой шлях аскетызму, поўнага даверу і вернасці, вучаць нас радасці жыцця толькі для Бога. Ён заўважыў, што сузіранне адбываецца ў цішыні, якая вельмі неабходная ў нашым свеце, поўным навін, слоў і камуканіцыі.

Францішак нагадаў, што Марыя Агрэдская і манахіні ордэна Беззаганнага Зачацця, якія былі першымі кляўзуровымі законніцамі, што прыбылі на тэрыторыю Амерыкі, “пацвярджаюць той місійны дух сузіральнага жыцця, які пазней падкрэсліла святая Тэрэза ад Дзіцятка Езуса”. Невыпадкова, што іншая вялікая містычка, святая Ружа Лімская, стала першай святой амерыканскага кантынента, - сказаў Папа.

Святы Айцец звярнуў увагу таксама на важнасць заступніцкай малітвы ў жыцці Марыі Агрэдскай, якая стала плённай у душах людзей, што адкрываліся на прыняцце хросту з рук місіянераў. Гэта падобна на заступніцтва, якое ўчыніла Панна Марыя ў Кане Галілейскай, заклікаючы рабіць тое, што кажа Яе Сын. “Яна вядзе нас Езуса, нараджае Яго ў нас і гэту паставу мы павінны наследаваць, таксама ўказваючы на Пана”, - завяршыў зварот Пантыфік.

 

16 лістапада 2023, 10:27