Францішак нагадаў пра важнасць твораў мастацтва для евангелізацыі
Аляксандр Панчанка - Pope
“Прыгажосць мастацтва з’яўляецца адлюстраваннем гарманічнай еднасці паміж чалавекам і Богам”, - сцвердзіў Францішак у пасланні да ўдзельнікаў канферэнцыі з нагоды 100-годдзя дзейнасці Пастаяннай камісіі па ахове гістарычных і мастацкіх помнікаў Апостальскай Сталіцы, якая прайшла 22 лістапада 2023 года ў Ватыкане. Папскі ліст на імя старшыні гэтай установы Франчэска Буранэлі зачытаў падчас адкрыцця форума кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін.
Святы Айцец нагадаў, што яшчэ з XV стагоддзя яго папярэднікі выдавалі пракламацыі і эдыкты “з мэтай спыніць рост патоку старажытнасцей, якія з археалагічных раскопак Рыма накіроўваліся ў еўрапейскія сталіцы, каб узбагаціць антыкварныя калекцыі каралёў, арыстакратаў і эрудытаў”. Ён асаблівым чынам падкрэсліў важнасць папскіх хірографаў і іншых дакументаў, выдадзеных у XVIII-XIX cтагоддзях, у тым ліку ў якасці рэакцыі на “продаж велізарнай колькасці твораў мастацтва” і для “пераадолення траўматычнага спусташэння напалеонаўскай эпохі”.
Папа заўважыў, што гэтымі актамі былі “сфармулаваны канкрэтныя прававыя прынцыпы, пазней замацаваныя сучасным заканадаўствам”, сярод якіх вылучаецца “прынцып грамадскай карыснасці культурнай спадчыны”, паводле якога не толькі грамадская, але і прыватная ўласнасць павінна быць падпарадкавана “патрэбам агульнага дабра”.
Пантыфік падкрэсліў, што з прынцыпу грамадскай карысці вынікае “права дзяржавы рэгуляваць і прадухіляць адчужэнне і вываз” культурнай спадчыны, а таксама “права і абавязак ажыццяўляць прававую ахову і навуковае захаванне”, дзе “першым і неад’емным дзеяннем з’яўляецца каталагізацыя, а таксама плённае выкарыстанне і прызнанне каштоўнасці”. Ён нагадаў, што ў гэтай перспектыве ў 2001 годзе ў Ватыкане быў прыняты закон аб ахове культурнай спадчыны Святога Пасаду, які быў нядаўна абноўлены, згодна з сучаснымі патрабаваннямі.
Францішак спаслаўся на словы святога Паўла VI, нагадваючы, што творы мастацтва і культуры, якія захоўваюцца ў Ватыкане, з’яўляюцца не толькі “турыстычнымі славутасцямі”, але таксама “датыкальным знакам transitus Domini (пераходу Бога) у свеце, бачным выразам жыцця Касцёла ў яго літургічнай дзейнасці і абвяшчэнні веры, у розных духоўных праявах і выкарананні спраў міласэрнасці”. Папа нагадаў таксама словы Бэнэдыкта XVI, які падкрэсліваў, што мастацкія скарбы Ватыканскіх музеяў, “могуць прадстаўляць сабой надзвычайную магчымасць для евангелізацыі”, бо даюць людзям, якія прыходзяць на іх паглядзець, “красамоўнае сведчанне” аб “бесперапынным перапляценні, якое існуе паміж боскім і чалавечым у жыцці і гісторыі народаў”.