Папа ў Дзень задушны: хопіць войнаў, яны знішчаюць жыццё
Аляксандр Панчанка - Pope
“Сёння, думаючы пра памерлых, папросім Пана аб міры, каб людзі больш на забівалі адзін аднаго на вайне. Шмат нявінных загінула, шмат салдат на ёй губляюць жыццё, і гэта таму, што вайна – заўсёды параза, заўсёды...”, - сказаў у кароткай гаміліі Пантыфік.
Францішак прыбыў на могілкі на паўгадзіны раней, чым было запланавана. Ён прывітаў вернікаў, якія нягледзячы на моцны дождж чакалі яго ля ўваходу ў некропаль, а таксама супрацоўнікаў грамадскага аб’яднання Commonwealth War Graves Commission, якое даглядае за могілкамі, дзе з 1947 года спачываюць рэшткі салдат Брытанскай Садружнасці Нацый, загінулых ці памерлых на тэрыторыі Італіі падчас Другой сусветнай вайны.
Папа ўсклаў белыя кветкі на магілы вайскоўцаў і ў цішыні памаліўся за іх. Падчас літургіі ён нагадаў, што зараз на вайне, у тым ліку “вельмі блізкай да нас, у Еўропе”, гіне шмат маладых і немаладых людзей.
“Жыццё знішчаецца без усведамлення гэтага. Не бывае поўнай перамогі. Так, хтосьці перамагае іншага, але за гэтым стаіць параза цаны, якая плаціцца”, - падкрэсліў Святы Айцец, дадаючы, што ўглядаючыся ў надпісы на мармуровых помніках над магіламі многіх маладых салдат, ён падумаў пра шматлікіх маці, якія атрымалі пахавальныя лісты, пра слёзы бацькоў і абарваныя жыцці.
Пантыфік адзначыў, што ўспамін памерлых вернікаў заахвочвае згадаць пра ўсіх тых, хто апярэдзіў нас на шляху да Пана, а таксама заклікаў прасіць у Бога аб міры і ласцы надзеі, якая дазваляе глядзець у будучыню.