Францішак: праз любоў святых мы можам пазнаць таямніцу Бога
Аляксандр Панчанка - Pope
16 лістапада 2023 года Пантыфік прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў канферэнцыі, прысвечанай паўсюднаму пакліканню да святасці, арганізаванай Дыкастэрыяй па справах кананізацыі. Ён адзначыў актуальнасць тэмы, што пацвярджаецца павелічэннем у апошнія гады колькасці беатыфікацый і кананізацый людзей розных станаў: сужонкаў, нежанатых і незамужніх людзей, святароў, канксэкраваных асоб, свецкіх вернікаў рознага ўзросту, паходжання і культуры.
Гаворка ідзе пра братоў і сясцёр, якія належаць на “святога вернага Божага народа”, пра так званых “святых па суседстве”, членаў нашых грамадстваў, “якія жылі вялікай любоўю ў малых справах штодзённага жыцця, наследуючы Езуса да канца, нягледзячы на свае абмежаванні і недахопы”, - сказаў Пантыфік, дадаючы, што яны сведчаць пра святасць, якая яднае, пра сямейную святасць і мучаніцкую.
У першую чаргу Папа засяродзіў увагу на святасці, якая лучыць з Богам і іншымі людзьмі. Ён падкрэсліў, што святасць мае не толькі асабістае вымярэнне, але таксама супольнаснае, бо “калі Бог кліча некага, то заўсёды дзеля дабра ўсіх”. Святасць яднае і праз любоў святых мы можам пазнаць таямніцу Бога, які, “аб’яднаны з кожным чалавекам”, абдымае ў сваёй міласэрнасці ўсё чалавецтва, каб усе былі адно. Як жа нашаму свету трэба апынуцца ў такіх абдымках адзінства і міру!”, - дадаў ён.
Гаворачы пра сямейнае вымярэнне святасці, Пантыфік спаслаўся на прыклады святых і благаслаўлёных сужэнскіх пар, дзе муж і жонка былі “прыладамі асвячэння адзін для аднаго”. Ён згадаў пра Луі і Зэлі Мартэн, Луіджы і Марыю Кватрокі, Юзафа і Вікторыю Ульма і іх сямёра дзяцей, па-варварску забітых нацыстамі за дапамогу яўрэям у часы пераследу.
Францішак заўважыў, што святасць мае таксама мучаніцкае вымярэнне, якое пацвярджаецца на працягу ўсёй гісторыі Касцёла, ад самых ранніх часоў да нашых дзён. У сувязі з гэтым ён згадаў пра пакістанскую верніцу Асію Бібі, якая правяла ў турме дзевяць гадоў па фальвышым абвінавачванні ў блюзнерстве.
“На працягу многіх гадоў яна знаходзілася ў вязніцы, а дачка прыносіла ёй Эўхарыстыю... Прайшло шмат гадоў пакуль суддзі не сказалі, што яна невінаватая. Амаль дзевяць гадоў хрысціянскага сведчання! Гэта жанчына працягвае жыць і яшчэ шмат такіх людзей, якія даюць сведчанне веры і любові”, - сказаў Папа.
Святы Айцец заўважыў таксама, што мучаніцтва мае экуменічнае вымярэнне, у сувязі з чым ён згадаў пра групу егіпецкіх копцкіх вернікаў, забітых джыхадзістамі на лівійскім узбярэжжы, якія паміралі з імем Езуса на вуснах і нядаўна былі ўключаны ў Рымскі мартыралог.