ҽ

Францішак: пілігрымы ідуць у санктуарыі за суцяшэннем і надзеяй

Святы народ Божы сцякаецца ў санктуарыі дзеля малітвы, суцяшэння і ўпэўненасці ў будучыні, - зазначыў Пантыфік, прымаючы 11 лістапада 2023 года на аўдыенцыі ў Зале Паўла VI удзельнікаў міжнароднага форума рэктараў і супрацоўнікаў санктуарыяў.

Марыя Валодзіна - Pope

У сваёй прамове, Францішак адзначыў, што санктуарыі – гэта асаблівыя, прывілеяваныя месцы малітвы, суцяшэння і надзеі. Перш за ўсё, пілігрымы накіроўваюцца ў санктуарыі для таго, каб памаліцца і сустрэць ласку Божую. Святы Айцец параіў вельмі адказна падыходзіць да выбару святароў для споведзі, каб вернікі, якія прыходзяць у санктуарыі, не знаходзілі перашкод на шляху да сапраўднага і поўнага прымірэння з Богам. “Дараваць, заўсёды дараваць”, - нагадаў Францішак, заклікаючы супрацоўнікаў санктуарыяў надаваць таксама асаблівую ўвагу адарацыі.

Па-другое, вернікі адпраўляюцца ў санктуарыі за суцяшэннем. Хвароба блізкага чалавека, страта сям'і, цяжкія жыццёвыя сітуацыі часта з'яўляюцца прычынамі адзіноты і суму, з якімі людзі прыходзяць у санктуарыі. Суцяшэнне – не абстрактная ідэя, а спагадлівая і пяшчотная блізкасць да тых, хто адчувае боль і пакуты. Яно раўнасільнае "дотыку Божай ласкі", таму ў санктуарыях не могуць адсутнічаць службы суцяшэння.

Нарэшце, у санктуарыі ідуць дзеля таго, каб “з большай упэўненасцю глядзець у будучыню”. Пілігрым мае патрэбу ў надзеі. “Важна, каб, вярнуўшыся дадому, ён адчуваў сябе задаволеным і напоўненым супакоем, таму што ён даверыўся Богу”, - адзначыў Пантыфік, параіўшы гасцям надаваць вялікую ўвагу гасціннаму прыёму і пастырскаму клопату, каб перад тым, як пакінуць санктуарый, пілігрымы атрымалі словы і знакі надзеі.

Напрыканцы прамовы Папа нагадаў, што наступны год будзе цалкам прысвечаны малітве напярэдадні Юбілею 2025 года, і запрасіў гасцей закасаць рукавы, каб дапамагчы мужчынамі і жанчынамі зноў адкрыць для сябе цэнтральную ролю штодзённай малітвы. Малітвы ад сэрца, ад душы, “не як у папугаяў”, - заахвоціў Францішак.

11 лістапада 2023, 13:28