Папа: саюз паміж пакаленнямі неабходны для аховы экалогіі
Аляксандр Панчанка - Pope
Францішак напісаў прадмову да кнігі айца Энца Фартуната і Альда Кальёні Дзіцячая энцыкліка. Перавыхаваць свет дарослых (L’Enciclica dei bambini. Rieducare il mondo degli adulti). Выданне будзе прадстаўлена 29 кастрычніка 2023 года ў Рыме. Яно прысвечана экалагічнай тэматыцы і адрасавана дзецям. У першай частцы кнігі аўтары звяртаюцца да дарослых з заклікам распавесці новаму пакаленню пра важнасць аховы навакольнага асяроддзя, а ў другой скіроўваюць слова да маленькіх чытачоў, нагадваючы пра тое, што прырода – гэта каштоўны рэсурс, прызначаны ўсім, і што любоў і прабачэнне мацнейшыя за нянавісць і помсту.
У прадмове Папа нагадаў, што мінула ўжо больш за 50 гадоў з моманту правядзення першай Канферэцыі ААН, прысвечанай праблемам навакольнага асяроддзя, але выклікаў у гэтай сферы дагэтуль застаецца вельмі шмат, у сувязі з чым ён прысвяціў некалькі важных дакументаў менавіта праблемам экалогіі.
Пантыфік заўважыў, што “экалагічны крызіс гэта другі бок сацыяльнага, культурнага і духоўнага крызісу сучаснасці”. “Экалогія і братэрства бягуць па той жа сцяжынцы: калі мы хочам эфектыўна вырашыць праблему клопату пра нашу планету мы павінны ў першую чаргу здзейсніць перамену сэрца”, - сказаў ён, нагадваючы словы Конрада Адэнаўэра, які яшчэ ў 1952 годзе папярэджваў, што будучыні Захада пагражае не столькі палітычная напружанасць, колькі ўніфікацыя мыслення, пазбяганне адказнасці і клопат выключана пра саміх сябе.
“Фемонен кліматычных змен настойліва нагадвае нам пра нашу адказнасць”, - напісаў Папа, дадаючы, што ад яго пераважна пакутуюць бедныя і безабаронныя, якія ў найменшай ступені вінаваты ў яго развіцці. Таму гаворка ідзе пра пытанне справядлівасці і салідарнасці: неабходна аб’яднаць намаганні для вырашэння гэтага крызісу. “Наш свет занадта ўзаемазвязаны і не можа сабе дазволіць быць падзеленым на блокі краін, якія прасоўваюць уласныя інтарэсы ізаляваным і няўстойлівымі чынам”, - заўважыў ён, падкрэсліваючы неабходнасць у супольных, салідарных і дальнабачных дзеяннях.
“Гэта вялікі, тэрміновы і прыгожы выклік, які патрабуе згуртаванай і актыўнай дынамікі. “Вялікі” і патрабавальны, бо вымагае змены кірунку, рашучай змены цяперашняй мадэлі спажывання і вытворчасці, занадта часта зануранай у культуру абыякавасці і марнавання – марнавання навакольнага асяроддзя і марнавання людзей”, - напісаў Францішак.
Святы Айцец нагадаў, што нядаўна мы сталі сведкамі “неверагоднай аперацыі” па выратаванні чатырох калумбійскіх дзяцей, якія згубіліся ў джунглях і знаходзіліся там сорак дзён. “Яны ўратаваліся дзякуючы іх сіле, іх “здольнасці да жыцця”, якую мы, дарослыя, часта недаацэньваем, і дзякуючы каштоўным навучанням іх бабулі па матчынай лініі, гэтай незаменнай спадчыне абмену паміж пакаленнямі, якую трэба культываваць і захоўваць з большай свядомасцю. Між іншым, гэта выратавальная аперацыя была праведзена арміяй, і мяне цешыць той факт, што ў гэтым выпадку ўзброеныя сілы былі задзейнічаны не ў баявых дзеяннях”, - напісаў Пантыфік, дадаючы, што “цуды здараюцца там, дзе яшчэ ёсць сямейныя сувязі паміж пакаленнямі”.
Францішак заклікаў умацаваць гэту сувязь, у тым ліку, дазваляючы дзецям вучыць дарослых. “Толькі такая змена парадыгмы, калі дзеці навучаюць і павышаюць інфармаванасць дарослых, можа прынесці сапраўдную надзею на змены. Дзеці захоўваюць пачуццё прыгажосці, усё яшчэ некранутай. Дазволім ім прамаўляць да нас. І як яны слухаюць сваіх бабуль і дзядуль, давайце і мы пастараемся слухаць іх. “Не пазбавім новыя пакаленняў надзеі на лепшую будучыню”. Дарагія дзеці, абдымаю вас і ведайце, што ваш Папа і “дзядуля” зробяць усё, каб вы жылі ў прыгожым і добрым свеце. Няхай на гэтым шляху вас суправаджае святы Францішак, прыгожы і абнадзейлівы прыклад – той, які быў уважлівым слухачом Добрай Навіны”, - пажадаў на завяршэнне прадмовы Святы Айцец.