Папа патэлефанаваў Прэзідэнту ЗША Джо Байдэну
Марыя Валодзіна - Pope
Гутарка паміж Пантыфікам і Байдэнам працягвалася каля 20 хвілін. Яны абмеркавалі “канфліктныя сітуацыі ў свеце і неабходнасць вызначэння шляхоў да міру”, - паведаміла Зала Друку Святога Пасада.
Заклікі Францішка да міру
У той жа дзень, звяртаючыся пасля малітвы Анёл Панскі да вернікаў, якія сабраліся на плошчы святога Пятра ў Ватыкане, Папа аднавіў свой заклік аб міры ў Святой Зямлі.
“Я вельмі заклапочаны, засмучаны. Малюся і выказваю блізкасць да ўсіх, хто пакутуе: закладнікаў, параненых, ахвяр і іх сваякоў”, - сказаў Францішак. Ён звярнуў увагу на пагаршэнне гуманітарнай сітуацыі ў Газе і абстрэл англіканскага шпіталя і грэка-праваслаўнай парафіі. Папа паўтарыў свой заклік “да адкрытай прасторы, каб гуманітарная дапамога працягвала паступаць, а закладнікі былі вызвалены”.
Ён таксама нагадаў пра вайну ва Украіне: “Вайна, любая вайна ў свеце, думаю і пра пакутлівую Украіну, правальная – вайна заўсёды правальная. Гэта разбурэнне чалавечага братэрства. Браты, спыніцеся, спыніцеся”, - сказаў Францішак.
Абмежаваная дапамога Газе
18 кастрычніка 2023 года Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн здзейсніў кароткі візіт у Тэль-Авіў з мэтай дасягнення пагаднення аб дастаўцы ў сектар Газа гуманітарнай дапамогі з Егіпта.
Абмежаваная колькасць гуманітарнай дапамогі пачала паступаць у Газу ў суботу, 21 кастрычніка, хаця, па дадзеных Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, гэта "кропля ў акіяне велізарных патрэбаў Газы".