ҽ

Пантыфік на адкрыццё Сінода: Касцёл заўсёды патрабуе ачышчэння

Касцёл заўсёды патрабуе ачышчэння і абнаўлення, бо мы ўсе з’яўляемся народам прабачаных грэшнікаў, якому патрэбна вяртанне да крыніцы, якой ёсць Езус, і на шлях Духа, каб дасягнуць усіх з Яго Евангеллем, - нагадаў Папа.

Аляксандр Панчанка - Pope

4 кастрычніка 2023 года Францішак узначаліў урачыстую святую Імшу на плошчы святога Пятра ў Ватыкане з нагоды адкрыцця першай сесіі XVI Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў на тэму На карысць Касцёла сінадальнага: камунія, удзел і місія. Форум з удзелам прадстаўнікоў усіх епіскапатаў свету, экспертаў і дэлегатаў іншых канфесій будзе праходзіць да 29 кастрычніка.

У гаміліі Пантыфік падкрэсліў, што ўдзельнікі Сінода сабраліся разам не дзеля “чалавечых стратэгій, палітычных разлікаў ці ідэалагічных баталій” і не для правядзення “парламенцкага пасяджэння” ці абмеркавання “плану рэформ”, але “каб разам ісці пад позіркам Езуса, які благаслаўляе Айца і прымае спрацаваных і абцяжараных”.

Святы Айцец зазначыў, што Касцёлам не павінен “адказваць на сучасныя выклікі і праблемы ў духу падзелаў і канфліктаў”, але скіроўваючы вочы да Бога, які з’яўляецца адзінствам. “Мы належым Яму” і існуём “толькі, каб несці Яго ў свет”, - дадаў Папа.

“Мы не хочам зямной хвалы, не хочам прыгожа выглядаць у вачах свету, але хочам дасягнуць яго з евангельскім суцяшэннем, каб лепш сведчыць усім бясконцую любоў Бога”, - сказаў Францішак, падкрэсліваючы, што першае заданне Сінода заключаецца ў тым, каб “перанакіраваць наш позірк на Бога, каб быць Касцёлам, які з міласэрнасцю глядзіць на чалавецтва; Касцёлам з’яднаным і братэрскім, які слухае і вядзе дыялог; Касцёлам, які благаслаўляе і падтрымлівае, які дапамагае тым, хто шукае Пана, які дабратворна ўзрушвае абыякавых, які дае пачатак шляхам, каб увесці людзей у прыгажосць веры; Касцёлам, у цэнтры якога знаходзіцца Бог, і які па гэтай прычыне не дзеліцца ўсярэдзіне і ніколі не бывае суровым знешне”. “Такім Езус хоча бачыць Касцёл, сваю Нявесту”, - запэўніў Пантыфік.

Папа нагадаў, што Хрыстус заўсёды меў адкрыты позірк на самых слабых, пакутуючых і адчужаных, асаблівым чынам заклікаючы ўсіх спрацаваных і абцяжараных прыйсці да Яго. “Гэты адкрыты позірк Езуса заклікае таксама і нас быць гасцінным Касцёлам”, - сказаў Францішак, папярэджваючы пра небяспечную спакусу “быцця закамянелым Касцёлам, які ўзбройваецца супраць свету і глядзіць назад; быцця прахалодным Касцёлам, які паддаецца модам свету; быцця стомленым Касцёлам, засяроджаным на самім сябе”.

Святы Айцец перакананы, што Сінод патрэбны, каб нагадаць, што “наша Маці Касцёл заўсёды патрабуе ачышчэння, аднаўлення, бо мы ўсе з’яўляемся народам прабачаных грэшнікаў, якому заўсёды патрэбна вяртанне да крыніцы, якой ёсць Езус, і на шлях Духа, каб дасягнуць усіх з Яго Евангеллем”. Ён заклікаў наследаваць прыклад святога Францішка Асізскага, які “ў час вялікіх змаганняў і падзелаў паміж свецкай і рэлігійнай уладай, паміж інстытуцыйным Касцёлам і ератычнымі плынямі, паміж хрысціянамі і іншымі вернікамі, не крытыкаваў і не нападаў ні на каго, беручы ў рукі толькі евангельскую зброю: пакору і адзінства, малітву і любоў”. “Зробім і мы так жа!”, - заахвоціў Пантыфік.

“І калі святы Божы народ са сваімі пастырамі з усіх частак свету мае чаканні, надзеі і нават пэўныя страхі адносна Сіноду, які мы распачынаем, яшчэ раз нагадаем, што гэта не палітычная сустрэча, а сход у Духу; не палярызаваны парламент, а месца ласкі і адзінства. Святы Дух часта разбівае нашы чаканні, каб стварыць нешта новае, што пераўзыходзіць нашы прагнозы і наш негатыў. Адкрыемся на Яго і паклічам Яго, галоўнага героя, Святога Духа. І давайце будзем ісці разам з Ім з даверам і радасцю”, - сказаў на завяршэнне гаміліі Пантыфік.
 

04 кастрычніка 2023, 10:38