Папа: мне падабаецца думаць пра Касцёл як пра верны народ Божы
Марыя Валодзіна - Pope
Для свайго Касцёла Езус не прыняў ні адной з тагачасных палітычных схем: ні фарысеяў, ні садукеяў, ні ясеяў, ні зілотаў. Працягваючы традыцыю Ізраіля, Ён проста казаў: "Вы будзеце Маім народам, а я буду вашым Богам", - нагадаў Францішак.
Святыя і грэшнікі
"Мне падабаецца думаць пра Касцёл як пра просты і сціплы народ, які ходзіць у прысутнасці Бога". Касцёл – гэта верны народ Божы, ён аб'ядноўвае ўсіх, святых і грэшнікаў, але гэта верны народ, - сказаў Папа.
Непахісны ў веры
Па словах Пантыфіка, адной з характэрных рысаў гэтага народа з'яўляецца тое, што ён бясхібны ў веры. У гэтага вернага народа “ёсць душа, што дазваляе нам казаць пра герменеўтыку, пра спосаб бачання рэальнасці, пра сумленне”. Верны народ Божы ўсведамляе сваю годнасць, пра што сведчаць такія жэсты, як хрост дзяцей і пахаванне памерлых.
Вера, перададзеная маці і бабулямі
З гэтага народа паходзяць таксама і іерархі Касцёла. Ад гэтага народа, ад маці і бабуль, яны атрымалі веру, - падкрэсліў Папа. "Мне вельмі падабаецца думаць, што вера святога народа Божага заўсёды перадаецца на дыялекце і звычайна на жаночым дыялекце.
Роля жанчын у Касцёле
“Гэта адбываецца не толькі таму, што Касцёл – маці, і менавіта жанчыны лепш за ўсё адлюстроўваюць яго". Але і таму што менавіта жанчыны ўмеюць чакаць, ведаюць, як выкарыстоўваць рэсурсы Касцёла, народа Божага. Жанчыны выходзяць па-за межы, магчыма, са страхам, але мужна падыходзяць да магілы, інтуіцыя (пакуль яшчэ не надзея) кажа ім, што там можа быць жыццё. “Жанчына святога і вернага народа Божага – гэта адлюстраванне Касцёла. Касцёл жаноцкі, Касцёл – нявеста, маці”, - сказаў Папа.
Прэйскурант на сакрамэнты
“Калі служыцелі заходзяць занадта далёка і дрэнна абыходзяцца з народам Божым, яны нявечаць твар Касцёла сваімі поглядамі дыктатараў і мача", - папярэдзіў Францішак. "Балюча бачыць у некаторых парафіях прэйскурант коштаў на сакраманты, як у супермаркеце”. Або Касцёл – гэта верны народ Божы, або ён – кампанія, якая аказвае розныя паслугі. Калі душпастырскія работнікі абіраюць другі шлях, Касцёл пераўтвараецца ў супермаркет збаўлення, а святары – у супрацоўнікаў шматнацыянальнай карпарацыі. “Гэта вялікая параза, да якой вядзе клерыкалізм”, - лічыць Святы Айцец.
Біч клерыкалізму
Клерыкалізм – гэта сапраўдны біч, форма свецкасці, якая “апаганьвае і нявечыць твар нявесты Хрыстовай, занявольвае верны народ Божы", - сказаў Папа, заклікаючы маладых святароў спыніць паходы за абноўкамі ў рымскія кравецкія майстэрні.
Тым не менш, верны народ Божы “працягвае рухацца наперад з цярпеннем і пакорай, зносячы пагарду, злоўжыванні і маргіналізацыю з боку інстытуцыяналізаванага клерыкалізму”. "Як натуральна мы гаворым пра наданне біскупскай годнасці як пра кар'ерны рост! Свецкасць злоўжывае святым і верным народам Божым", - заключыў Францішак.