Пантыфік да супольнасцяў Laudato si': перамены ідуць знізу ўверх
Марыя Валодзіна - Pope
У відэазвароце, распаўсюджаным 14 кастрычніка 2023 года, Пантыфік адказаў на два пытанні, якія яму задаў адзін з заснавальнікаў супольнасцяў Laudato si' біскуп Даменіка Пампілі.
Адказваючы на першае пытанне аб тым, чаму праз восем гадоў пасля Laudato si' ён зноў звяртаецца да тэмы экалагічнага крызісу ў новай Апостальскай адгартацыі Laudate Deum, Папа падкрэсліў, што з таго часу прайшло шмат канферэнцый ААН па змене клімату (COP). Энцыкліка Laudato si' была напісана пасля паспяховай Парыжскай канферэнцыі, але потым прагрэс спыніўся. "Я вырашыў заявіць, што гэтыя канферэнцыі прайшлі не так, як трэба, не прывялі да таго, што нам неабходна”, - патлумачыў Святы Айцец.
Акрамя таго, настаў “вельмі цяжкі час, і мы павінны гэта ўсвядоміць”, - сказаў Францішак, зноў цытуючы аднаго з аўтарытэтных італьянскіх навукоўцаў: “Я не хачу, каб мая ўнучка, якая нарадзілася пазаўчора, праз 30 гадоў жыла ў свеце, непрыдатным для жыцця". "Так яно і ёсць, і мы павінны гэта ўсвядоміць”, - сказаў Папа.
Біскуп Пампілі падкрэсліў, што створаныя па ўсёй Італіі супольнасці Laudato si' уяўляюць сабой “мабілізацыйны рух знізу”. На што Папа адказаў: "Гэта працуе як вада, разумееце? Вада закіпае пад уздзеяннем цяпла знізу ўверх, а не зверху ўніз, такі закон прыроды. Сапраўдныя перамены ідуць знізу ўверх. Ім дапамагаюць сілы зверху, але яны ідуць знізу ўверх. Калі не будзе гэтага руху, вы нічога не зменіце ў жыцці!” - падкрэсліў у канцы відэазвароту Францішак.