Папа: Панна ўсіх народаў, прыміры сваіх дзяцей, аслепленых нянавісцю
Аляксандр Панчанка - Pope
Увечары 27 кастрычніка 2023 года Францішак узначаліў набажэнства, якое прайшло ў базіліцы святога Пятра Ватыкане ў рамках Дня малітвы, посту і пакаяння ў інтэнцыі міру ў свеце. Пасля разважання над балеснымі таямніцамі Святога Ружанца і Літаніі да Найсвяцейшай Панны Марыі Пантыфік прамовіў словы малітвы.
“Марыя, паглядзі на нас! Мы тут, перад Табой! Ты, Маці, ведаеш нашы цяжкасці і раны. Ты, Каралева супакою, пакутуеш разам з намі і за нас, бачачы многіх Тваіх дзяцей, змучаных канфліктамі, спалоханых войнамі, якія разрываюць свет на часткі”, - сказаў Папа.
Францішак нагадаў, што сэрца Багародзіцы не было пазбаўлена трывог і страху, але Яна была мужнай і адважнай у выпрабаваннях: “спадзявалася на Бога і адказвала на трывогу клопатам, на страх – любоўю, на пакуты – ахвярай”. У вырашальныя моманты Марыя брала ініцыятыву на сябе, а калі меч працяў Яе душу на Галгоце, Яна, пакорная і моцная жанчына, “спляла ноч болю з велікоднай надзеяй”.
“Цяпер, о Маці, зноў вазьмі на сябе ініцыятыву дзеля нас, у гэтыя часы, раздзіраныя канфліктамі і спустошаныя зброяй. Скіруй свой міласэрны позірк на чалавечую сям’ю, якая згубіла шлях да міру, якая аддала перавагу Каіну перад Абэлем і, страціўшы пачуццё братэрства, не можа зноў знайсці атмасферу дома. Заступайся за наш свет, які знаходзіцца ў небяспецы і смуце. Навучы нас прымаць і аберагаць жыццё – кожнае чалавечае жыццё! – і адмаўляцца ад вар’яцтва вайны, якая сее смерць і сцірае будучыню”, - сказаў Папа.
Пантыфік заўважыў, што Марыя шмат разоў выходзіла нам насустрач, просячы аб малітве і пакаянні, але мы, “захопленыя нашымі патрэбамі” і многімі “мірскімі інтарэсамі”, былі “глухія да Яе заклікаў”. Ён папрасіў Багародзіцу “не стамляцца ад нас”, але “ўзяць за руку і весці да навяртання, каб ставілі Бога на першае месца”. “Дапамажы нам захоўваць еднасць у Касцёле і быць рамеснікамі адзінства ў свеце. Нагадвай нам пра важнасць нашай ролі, дай адчуць сябе адказнымі за мір, пакліканымі маліцца і адараваць, заступацца і аднаўляць увесь чалавечы род”, - сказаў Францішак.
Папа нагадаў, што не можам зрабіць нічога сваімі сіламі. “Таму, Маці Божая і наша Маці, мы прыходзім да Цябе, шукаем паратунку ў Тваім беззаганным сэрцы. Мы просім аб міласэрнасці, Маці міласэрнасці; аб супакоі, Каралева супакою! Ускалыхні душы тых, хто апынуўся ў пастцы нянавісці, навярні тых, хто распальвае і распальвае канфлікты. Высушы слёзы дзяцей, дапамажы адзінокім і старым, падтрымай параненых і хворых, абарані тых, хто быў вымушаны пакінуць радзіму і сваіх блізкіх, суцеш знявераных, абудзі надзею”, - маліўся Святы Айцец.
Папа даверыў Багародзіцы ўвесь Касцёл, каб сведчачы перад светам пра любоў Езуса, быў знакам згоды і прыладай міру. “Мы прысвячаем Табе наш свет, асабліва краіны і рэгіёны, дзе ідзе вайна”, - сказаў ён.
“Ты, зараніца збаўлення, адкрый пробліскі святла ў ночы канфліктаў. Ты, сядзіба Духа Святога, натхні шляхі міру правадыроў народаў. Ты, Панна ўсіх народаў, прыміры сваіх дзяцей, спакушаных злом, аслепленых уладай і нянавісцю. Ты, блізкая кожнаму, скараці нашы адлегласці. Ты, спагадлівая да ўсіх, навучы нас клапаціцца пра іншых. Ты, якая паказваеш пяшчоту Пана, зрабі нас сведкамі Яго суцяшэння. Ты, Каралева супакою, улі Божую гармонію ў нашыя сэрцы. Амэн”, - завяршыў малітву Святы Айцец.