Пантыфік: свабоднымі становяцца, ідучы разам з Езусам
Аляксандр Панчанка - Pope
30 кастрычніка 2023 года Францішак прыняў на аўдыенцыі групу жанчын, якія здолелі спыніць свае сувязі з мафіяй. Яны прыбылі ў Ватыкан у суправаджэнні італьянскага святара, ксяндза Луіджы Чоці, вядомага актыўнай дзейнасцю супраць арганізаванай злачыннасці.
Папа нагадаў, што сярод вучняў Езуса было некалькі жанчын, якія не былі дасканалымі, “анёльскімі” людзьмі, але прайшлі праз жыццёвыя выпрабаванні і часам былі “заражаныя” злом.
“Яны былі жанчынамі, якіх Езус прыняў са спагадай і пяшчотай і аздаравіў. Яны прайшлі шлях вызвалення разам з Ім. І зрабілі гэта менавіта ідучы з Ім і іншымі вучнямі. Гэта так: свабоднымі становяцца не дзякуючы магіі, але ідучы разам з Панам, падзяляючы Яго шлях, Яго дарогу, якая абавязкова пралягае праз крыж і вядзе да ўваскрасення”, - сказаў Францішак.
Пантыфік заўважыў, што яго госці “раслі ў кантэксце, забруджаным мафіёзнай злачыннасцю”, але вырашылі выйсці з яго. “Я благаслаўляю гэты ваш выбар і заахвочваю вас ісці далей”, - падкрэсліў Папа, дадаючы, што з разуменнем адносіцца да іх страхаў і разгубленасці.
“Вы не самотныя, працягвайце змагацца. Я раю вам заўсёды мець з сабой маленькае выданне Евангелля. Кожны дзень спакойна чытайце адзін яго ўрывак і ўяўляйце, што знаходзіцеся побач з Езусам, паміж вучнямі. Гэта на самай справе менавіта так: Ён кожны дзень разам з намі на жыццёвым шляху. Яго крыж напаўняе сэнсам нашы крыжы, а Яго ўваскрасенне – крыніца надзеі”, - падкрэсліў Святы Айцец.