ҽ

Ян Павел ІІ удзяляе першае благаслаўленне пасля абрання Папам Ян Павел ІІ удзяляе першае благаслаўленне пасля абрання Папам 

45 гадоў таму святы Ян Павел ІІ быў абраны Пантыфікам

16 кастрычніка 1978 года на канклаве ў Ватыкане Наступнікам святога Пятра быў абраны тагачасны арцыбіскуп Кракаўскі, польскі кардынал Караль Вайтыла, які ўзяў сабе імя Ян Павел ІІ.

Аляксандр Панчанка – Pope

Вучэнне і стыль жыцця Яна Паўла ІІ можа натхняць моладзь, а яго гісторыя павінна пераказвацца зразумелай для сучаснай моладзі мовай, - заўважыў у інтэрв’ю польскай рэдакцыі Pope кардынал Станіслаў Дзівіш.

“Я не сумняваюся ў гэтым і гэта перакананне пацвярджае лёс некалькіх пакаленняў маладых людзей, якіх Ян Павел ІІ прыцягнуў да Езуса. Па-ранейшаму мільёны збіраюцца на Сусветныя дні моладзі, абвяргаючы тэзіс пра заняпад Касцёла і раўнадушша моладзі да пытанняў веры. Моладзь можа знайсці ўказанні для жыцця ў вучэнні Яна Паўла ІІ, але таксама натхніцца яго жыццём, асабліва юнацкімі гадамі, напоўненым уласцівымі для маладосці захапленнямі, жыццёвымі радасцямі, разнастайнымі інтарэсамі, жаданнем інтэлектуальнага і духоўнага развіцця, здольнасцю радавацца сяброўству, прыгажосці прыроды, спорту, паэзіі”, - сказаў былы асабісты сакратар Яна Паўла ІІ.

Кардынал Дзівіш заўважыў, што гады маладосці Караля Вайтылы былі цяжкімі з прычыны трагедыі вайны, але, тым не менш, ён пражыў іх прыгожа, паказаўшы, што за найвялікшыя ідэалы варта змагацца і быць вернымі ім. “Для моладзі – незалежна ад месца і часу, у якім яна жыве – гэта захапляльны прыклад, варты наследавання. Праблема не ў тым, ці можа Папа натхняць іх, але ў тым, як ім пераказваецца прыгажосць яго жыцця, якой мовай мы гаворым пра яго, ці гэта мова дакранаецца да адчувальнасці сучаснай моладзі і з’яўляецца зразумелай ёй”, - лічыць іерарх.

Арцыбіскуп-эмерыт Кракаўскі перакананы, што ў актуальнай міжнароднай сітуацыі Караль Вайтыла быў чалавекам, які б нёс у свет мір і надзею. “Ён дагэтуль прамаўляе. Дастаткова прыйсці ў Ватыкан у базіліку святога Пятра і ўбачыць людзей, занураных у малітву пры яго магіле. Дастаткова прыйсці ў папскі санктуарый у Кракаве, у касцёлы ў Вадавіцах ці Кальварыі, ва ўсе месцы, якія носяць яго сляды – людзі дагэтуль хочуць шукаць яго духоўнага сяброўства”, - сказаў кардынал.

Іерарх нагадаў, што Ян Павел ІІ спазнаў шмат зла, бачыў наступствы войнаў і таталітарызму, цярпеў разам са слабейшымі, быў абаронцам і голасам тых, у каго гэты голас быў адабраны, а ў часы неспакою заўсёды імкнуўся несці людзям надзею. “Ён быў сведкам любові Хрыста і моцы Евангелля, нязменнай, нягледзячы на зменлівасць свету, і я думаю, што сёння яго заклік: “Не бойцеся, расчыніце дзверы Хрысту”, загучаў бы з новай, магутнай сілай”, - дадаў былы сакратар Папы.

Кардынал Дзівіш нагадаў пра ўклад Яна Паўла ІІ у пачатак барацьбы з сексуальнымі злоўжываннямі ў Касцёле, які працягваюць яго наступнікі, пра пашырэнне культу Божай міласэрнасці, умацаванне ролі свецкіх вернікаў, дыялог з іншымі рэлігіямі і канфесіямі, а таксама асяроддзямі, якія не заўсёды былі прыязнымі да хрысціянства.
 

16 кастрычніка 2023, 10:26