Святы Айцец сустрэўся з беднымі і заахвоціў да братэрства
Аляксандр Панчанка – Pope
23 верасня 2023 года раніцай Святы Айцец прыняў у біскупскім палацы ў Марсэле еўракамісара па пытаннях абароны еўрапейскага ладу жыцця, моладзі, культуры і адукацыі, з якім правёў кароткую прыватную размову. Затым ён сустрэўся з прадстаўнікамі гуманітарных арганізацый, якія дапамагаюць мігрантам.
Потым Пантыфік адправіўся ў дабрачынны цэнтр Сясцёр Місіянерак Любові, якія працуюць на перыферыі горада. Ён сустрэўся там з манахінямі і людзьмі, якія знаходзяцца ў цяжкай фінансавай сітуацыі. У кароткім прывітанні Папа заахвоціў будаваць братэрства, нягледзячы на палітычныя, сацыяльныя і рэлігійныя адметнасці.
“Братэрства яднае нас. Жыць як браты і сёстры – гэта прарочы ўчынак. Нягледзячы на ўсе рэлігійныя ці палітычныя адметнасці – мы браты і сёстры”, - сцвердзіў Францішак, выказваючы падзяку місіянеркам за сведчанне і клопат пра патрабуючых.