Святы Айцец распачаў апостальскае падарожжа ў Марсэль
Марыя Валодзіна – Pope
22 верасня 2023 года ў 14.45 самалёт італьянскай авіякампаніі ITA Airways з Пантыфікам на борце вылецеў з рымскага аэрапорта Фьюмічына ў кірунку Марсэля.
Пралятаючы над Італіяй, Папа накіраваў прэзідэнту Серджа Матарэле тэлеграму, у якой гаворыцца наступнае: “Пакідаючы Рым, каб наведаць Марсэль, дзе я прыму ўдзел у сустрэчы, якая яднае прадстаўнікоў розных Цэркваў і гарадоў Міжземнамор'я з мэтай разважання аб праблемах гасціннасці, інтэграцыі і братэрства, каб спрыяць міжкультурнаму дыялогу і садзейнічаць шляхам міру, я вельмі рады звярнуцца да вас, Спадар Прэзідэнт, з маім паважлівым прывітаннем, якое я суправаджаю гарачымі пажаданнямі духоўнага і сацыяльнага дабрабыту для італьянскага народа, якому я з радасцю пасылаю сваё благаслаўленне”.
Перад ад'ездам у Доме святой Марты Францішак прывітаў каля 20 жанчын, якія жывуць у прытулку Дар Марыі, а таксама сясцёр-місіянерак, якія імі апекваюцца.
Раніцай 19 верасня Пантыфік па традыцыі пабываў у рымскай базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ, дзе памаліўся перад цудатворнай іконай Маці Божай Salus Popoli Romani, даверыўшы яе заступніцтву свой візіт у Марсэль.
17 верасня падчас сустрэчы з вернікамі на малітве Анёл Панскі ў Ватыкане Папа заклікаў падтрымаць яго падарожжа малітвай. Гэтая выдатная ініцыятыва, - адзначыў Святы Айцец, - аб'яднае прадстаўнікоў “касцёльных і грамадзянскіх уладаў рэгіёну, каб падтрымаць шляхі міру, супрацоўніцтва і інтэграцыі вакол mare nostrum” – Міжземнага мора – “з асаблівай увагай да феномена міграцыі”.
Францішак стане першым Папам, які пабывае ў Марсэлі з 1533 года, калі горад наведваў Папа Клімент VII з нагоды вяселля Генрыха II з Кацярынай Медычы.
Марсэль стане другім французскім горадам, у якім пабывае Францішак. 25 лістапада 2014 года ён наведваў Еўрапейскі парламент і Савет Еўропы ў Страсбургу.
Апостальскае падарожжа ў Марсэль пройдзе пад дэвізам Мазаіка надзеі, які нагадвае пра разнастайнасць культур, рэлігій і народаў Міжземнамор'я, а таксама пра руплівыя жэсты адданых людзей, якія разам працуюць дзеля міру і надзеі ў гэтым рэгіёне.
Плануецца, што ў першы дзень падарожжа Папа сустрэнецца з прэзідэнтам Францыі, пасля чаго накіруецца ў базіліку Нотр-Дам-дэ-ла-Гард, дзе ўзначаліць марыйную малітву. Увечары пройдзе сустрэча Пантыфіка з рэлігійнымі лідарамі каля Помніка героям і ахвярам мора.
На другі дзень, 23 верасня, Папа сустрэнецца з беднымі, а потым звернецца з прамовай да ўдзельнікаў заключнай сесіі Міжземнаморскіх сустрэч. Пасля гэтага запланавана сустрэча Пантыфіка з прэзідэнтам Францыі. У другой палове дня Папа возьме ўдзел у святой Імшы, якая пройдзе на стадыёне Веладром, дзе прамовіць гамілію. Пасля цырымоніі развітання Святы Айцец вернецца ў Рым.