ҽ

Папа Францішак падчас візіту ў Іерусалім Папа Францішак падчас візіту ў Іерусалім 

Святы Айцец: пакліканне кожнага хрысціяніна – братэрства

Выклік, які ставіць перад сённяшнім светам Іерусалім – абудзіць у сэрцы кожнага чалавека жаданне глядзець на іншага як на брата, - падкрэсліў Пантыфік.

Аляксандр Панчанка – Pope

Францішак напісаў ліст да французскага пісьменніка Эрыка-Эманюэля Шміта. Ён будзе змешчаны ў новай кнізе аўтара Выклік Іерусаліма – падарожжа ў Святую Зямлю. Прэзентацыя выдання пройдзе ў розных гарадах Італіі ў другой палове верасня. Яно было падрыхтавана ў Ватыканскім выдавецтве.

Папа прызнаўся, што чытанне кнігі нагадала яму пра майскія дні 2014 года, калі ён меў ласку адведаць Святую Зямлю з нагоды 50-годдзя сустрэчы Паўла VI і Патрыярха Афінагора. “Гэта падзея 1964 года азнаменавала новы этап на шляху збліжэння паміж хрысціянамі, падзеленымі і раз’яднанымі на працягу стагоддзяў, але якія менавіта на зямлі Езуса атрымалі новы напрамак”, - заўважыў ён.

Пантыфік адзначыў, што, чытаючы кнігу, згадаў пра такія месцы як Бэтлеем, Гроб Пана, Гефсеманія, бо “наша вера – гэта таксама вера “памяці”, што цэніць словы і жэсты, у якіх аб’яўляецца Бог”.

Францішак заўважыў, што Святая Зямля – гэта месца ўцелаўлення Бога ў Езусе Хрысце: яна дорыць магчымасць асабіста ўбачыць, што “хрысціянства – гэта не тэорыя і не ідэалогія, але досвед гістарычнага факту”. “Бог сапраўды стаў целам і крывёю ў Езусе і як чалавек жыў, любіў, цярпеў з любові да нас, да кожнага з нас, аддаючы сваё жыццё на крыжы. Гэта па-сапраўднаму добрая навіна, якую мы ўсе чакалі: што Бог – не таямнічая істота, схаваная ў аблоках, але той, хто прыходзіць да нас і становіцца блізкім нам”, - нагадаў Францішак.

Святы Айцец пракаментаваў таксама досвед аўтара кнігі, які пад уплывам прыкладу жыцця ў Назарэце святога Шарля дэ Фуко, прыйшоў да высновы, што веру трэба сведчыць, а не навяртаць да яе. “Я паўтараў гэта шмат разоў, наследуючы сцвярджэнне Бэнэдыкта XVI: Касцёл узрастае не дзякуючы празелітызму, але праз прывабліванне”. Хрысціянін нікога не навяртае, але дае сведчанне таго, што Бог працягнуў да яго руку, збавіў яго з адхланні грахоў і аказаў яму бясконцую міласэрнасць. Гэта пакліканне хрысціяніна: быць сведкам збаўлення, якое яго дасягнула”, - напісаў Пантыфік.

Спаслаўшыся на назву кнігі – Выклік Іерусаліма – Папа адзначыў, што, на яго погляд, гэты выклікам з’яўляецца агульначалавечае братэрства. Ён нагадаў, што ў Іерусаліме сустракаюцца вялікія рэлігійныя абрамічныя традыцыі: юдаізм, хрысціянства і іслам.

“Я невыпадкова захацеў, каб падчас майго Апостальскага падарожжа ў 2014 годзе, мяне суправаджалі вызнаўцы юдаізму і ісламу: рабін Абрагам Скорка і прадстаўнік мусульман Амар Абуд. Я хацеў паказаць, у тым ліку і візуальна, што вернікі пакліканы быць братамі і будаўнікамі мастоў, а не ворагамі ці тымі, хто распальвае войны. Наша пакліканне – братэрства дзяцей аднаго Бога. Выклік, які Іерусалім ставіць перад сённяшнім светам, заключаецца менавіта ў наступным: абудзіць у сэрцы кожнага чалавека жаданне бачыць у іншым брата ў адной чалавечай сям’і. Толькі з такім усведамленнем і перакананнем мы зможам будаваць магчымую будучыню, прымушаючы змоўкнуць зброю знішчэння і нянавісці і распаўсюджваючы па ўсім свеце салодкі водар міру, які нястомна нам дае Бог”, - завяршыў сваю прамову Папа.
 

07 верасня 2023, 09:41