ҽ

Папа Францішак Папа Францішак  (AFP or licensors)

Святы Айцец нагадаў пра неабходнасць раззбраення і мірабудаўніцтва

Адносіны паміж дзяржавамі і людзьмі павінны рэгулявацца не ўзброенай сілай, а прынцыпамі ісціны, справядлівасці і супрацоўніцтва, нагадаў Францішак удзельнікам Міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай шасцідзесятай гадавіне энцыклікі Яна XXIII Pacem in Terris.

Марыя Валодзіна - Pope

У лісце ад 12 верасня 2023 года на імя кардынала Пітэра Тарксана, канцлера Папскай акадэміі грамадскіх навук, Францішак адзначыў сваечасовасць канферэнцыю, “паколькі наш свет па-ранейшаму знаходзіцца ў цісках фрагментарнай Трэцяй сусветнай вайны” з пагрозай прымянення ядзернай зброі.

На думку Папы, цяперашні момант нагадвае перыяд Кубінскага крызісу 1962 года, калі свет стаяў на мяжы шырокамаштабнага ядзернага знішчэння. На жаль, сёння колькасць і моц ядзернай зброі не толькі ўзрасла, але з’явіліся і іншыя зброевыя тэхналогіі. Апынуўся пад пагрозай даўні кансенсус аб забароне хімічнай і біялагічнай зброі. Сёння, больш чым калі-небудзь, мы павінны прыслухацца да прарочага перасцеражэння Яна XXIII аб тым, што "адносіны паміж дзяржавамі і асобнымі людзьмі павінны рэгулявацца не ўзброенай сілай, а прынцыпамі здаровага сэнсу: прынцыпамі ісціны, справядлівасці, актыўнага і шчырага супрацоўніцтва".

Пантыфік выказаў спадзяванне, што ўдзельнікі канферэнцыі абмяркуюць пытанні раззбраення і дасягнення трывалага міру. “Усе мы нясем адказнасць за захаванне бачання аб тым, што мір, свабодны ад ядзернай зброі, магчымы і неабходны”, - гаворыцца ў лісце Францішка.

Святы Айцец заклікаў дакладчыкаў і ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуць увагу таксама і на надзённыя этычныя праблемы, якія ўзнікаюць у сувязі з выкарыстаннем на вайне так званых "звычайных узбраенняў", якія павінны выкарыстоўвацца толькі ў абарончых мэтах, а не супраць грамадзянскіх аб'ектаў.

Напрыканцы ліста Папа выказаў надзею на тое, каб мір, да якога імкнуцца ўсе народы, “заўсёды квітнеў і панаваў сярод іх".

19 верасня 2023, 14:48