Папа моліцца за пацярпелых ад землятрусу ў Марока
Францішак выказаў спачуванні пацярпелым ад моцнага землятрусу ў Марока і запэўніў іх у сваіх малітвах і салідарнасці.
Марыя Валодзіна - Pope
Больш за 800 чалавек загінулі ў выніку разбуральнага землятрусу, які адбыўся непадалёк ад Маракеша ўвечары 8 верасня 2023 года.
У тэлеграме за подпісам Дзяржаўнага сакратара П'етра Параліна Святы Айцец запэўніў пацярпелых і іх сем’і ў сваёй "малітоўнай блізкасці перад тварам гэтага стыхійнага бедства".
Ён запэўніў мараканцаў у сваёй "глыбокай салідарнасці" і памаліўся аб спачыне для загінулых, вылячэнні для параненых і суцяшэнні для тых, хто аплаквае страту сваіх блізкіх і дамоў.
Францішак таксама выказаў сваю падтрымку грамадзянскім уладам і выратавальным службам, якія аказваюць дапамогу і падтрымку насельніцтву Марока.
Напрыканцы тэлеграмы, "у знак суцяшэння", Папа прасіў аб Божым благаслаўленні для ўсіх пацярпелых.
09 верасня 2023, 14:43