ҽ

Папа: мігранты – не захопнікі, а браты, якія шукаюць жыцця

Быць маяком міру, каб з дапамогай культуры сустрэчы развеяць цёмныя адхланні насілля і вайны, - заклікаў Папа ўдзельнікаў ІІІ Міжземнаморскіх сустрэч, да якіх звярнуўся 23 верасня 2023 года падчас візіту ў Марсэль.

Аляксандр Панчанка – Pope

Пантыфік выказаў падзяку палітычным, грамадскім і рэлігійным лідарам міжземнаморскага рэгіёну за іх клопат пра чалавецтва. Ён нагадаў пра старажытную гісторыю Марсэля, якая паказвае, што мірнае суіснаванне людзей розных культур, рэлігій і нацыянальнасцей магчыма. Папа заўважыў, што “абмен, які існаваў паміж народамі, зрабіў з Міжземнага мора калыску цывілізацыі, мора поўнае скарбаў”, якое нясе ў сабе “глабальнае пакліканне да братэрства, якое з’яўляецца адзіным спосабам пазбягання і пераадолення канфліктаў”.

На думку Святога Айца, Міжземнае мора павінна стаць “майстэрняй міру”. Ён нагадаў, што мір пачынаецца з клопату пра бедных. Спасылаючыся на прыклад Марсэля, Францішак зазначыў, што “там, дзе пануе няўпэўненасць, там з’яўляецца злачыннасць: там, дзе пануе матэрыяльная і адукацыйная нястача, беспрацоўе, культурная і рэлігійная беднасць, там рыхтуецца глеба для мафіі і гандлю людзьмі”. Папа падкрэсліў, што “сапраўдным грамадскім злом з’яўляецца не столькі павелічэнне праблем, колькі аслабленне клопату”.

Святы Айцец пералічыў шэраг грамадскіх выклікаў, сярод якіх пакіданне моладзі на ўласны лёс, нявольніцкая праца, недахоп клопату пра сем’і і павагі да чалавечага жыцця на яго розных этапах. “Хто думае пра ненароджаных дзяцей, адчужаных у імя фальшывага права на развіццё, якое, замест гэтага, з’яўляецца рэгрэсам у патрэбах асобы?”, - спытаў Папа, нагадваючы таксама пра “крыкі пакут, што даносяцца з Паўночнай Афрыцы і Блізкага Усходу”, пра вялікую колькасць людзей, што падвяргаюцца гвалту, несправядлівасці і пераследу.

Пантыфік звярнуў увагу на тое, што Міжземнае мора ператварылася сёння ў “магілу чалавечай годнасці”. Ён падкрэсліў, што мігранты – гэта не захопнікі, а людзі, якія шукаюць гасціннасці, шукаюць жыцця, а міграцыя патрабуе мудрага, дальнабачнага кіравання і еўрапейскай адказнасці.

Святы Айцец заахвоціў бачыць у мігрантах братоў і папярэдзіў, што ў адваротным выпадку наша цывілізацыя рызыкуе патануць. У залежнасці ад магчымасцей кожнай краіны, патрэбна забеспячэнне магчымасцю законнага і бяспечнага ўезду, справядлівы прыём і супрацоўніцтва з краінамі паходжання мігрантаў.

Францішак падкрэсліў неабходнасць інтэграцыі мігрантаў, перасцерагаючы ад спроб іх асіміляцыі. Ён таксама заклікаў да супрацоўніцтва каталіцкія супольнасці ў рэгіёне, адзначыўшы важную ролю ўніверсітэтаў ва ўмацаванні дыялогу, асабліва паміж моладдзю, і заахвоціўшы да тэалагічнай рэфлексіі з апорай на міжземнаморскія культурныя крыніцы, каб вярнуць людзям надзею, свабоду і надаць сэнс іх жыццю.

Завяршаючы прамову Папа заклікаў: “Будзьце акіянам дабра, каб супрацьстаяць беднасці салідарнасцю і згодай. Будзьце гасцінным портам для тых, хто шукае лепшай будучыні. Будзьце маяком міру, каб з дапамогай культуры сустрэчы развеяць цёмныя адхланні насілля і вайны”.
 

23 верасня 2023, 11:58