ҽ

Аўдыенцыя для дэлегацыі Цэнтра расследаванняў і фармацыі ў сферы абароны непаўналетніх Аўдыенцыя для дэлегацыі Цэнтра расследаванняў і фармацыі ў сферы абароны непаўналетніх  (Vatican Media)

Папа: бачыць у кожным дзіцяці адлюстраванне аблічча Бога

Злоўжыванні, якія закранулі Касцёл, з’яўляюцца толькі бледным адлюстраваннем сумнай рэчаіснасці, якая датычыцца ўсяго чалавецтва, - нагадаў Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка - Pope

25 верасня 2023 года Папа прыняў на аўдыенцыі дэлегацыю лацінаамерыканскага Цэнтра даследаванняў і фармацыі ў сферы абароны непаўналетніх – групы псіхолагаў, юрыстаў, тэолагаў, педагогаў, работнікаў СМІ, якія аб’ядналі свае намаганні для барацьбы з сексуальнымі злоўжываннямі і дапамогі іх ахвярам.

Францішак заўважыў, што сустрэча адбываецца ў дзень, калі ў адным з невялікіх санктуарыяў Іспаніі адзначаецца ўспамін “дзіцятка-мучаніка” – святога Крыстабаля Дэла Гуардзія – трохгадовага сляпога хлопчыка, які стаў ахвярай рытуальнага забойства ў XV стагоддзі.

Папа заўважыў, што трагедыя гэтага дзіцяці звязваецца з трагедыяй самаго Езуса, а выяўляецца ён у вопратцы Хрыста, што ідзе на Галгофу і церпіць пакуты. У сувязі з гэтым Святы Айцец згадаў евангельскае апавяданне пра Апошні суд, у якім гучаць словы Караля: “Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі” (Мц 25,40).

“Як бы змяніўся свет, калі б мы пераканалі сябе, што кожнае дзіця, якое сустракаем – гэта адлюстраванне аблічча Бога. Калі б мы бачылі ў пакутах кожнага дзіцяці, кожнага ўразлівага чалавека, рысы, што засталіся на хустцы, якой Вераніка ацерла твар Хрыста!”, - сказаў Францішак.

Пантыфік высока адзначыў намаганні сваіх гасцей у сферы барацьбы з сексуальнымі злоўжываннямі ў Касцёле і свеце. “Нельга забываць: злоўжыванні, якія паранілі Касцёл, з’яўляюцца толькі бледным адлюстраваннем сумнай рэчаіснасці, якая ахоплівае ўсё чалавецтва і якой, перш за ўсё, не надаецца належнай увагі”, - падкрэсліў ён.

Святы Айцец звярнуў увагу на прагрэс у барацьбе са злоўжываннямі ў Касцёле, заклікаючы прыкладаць намаганні таксама для выкаранення гэтай з’явы ў грамадстве, “каб крокі і здабыткі Касцёла на гэтым шляху маглі быць для іншых устаноў стымулам прасоўваць культуру клопату”.

Францішак заклікаў сваіх гасцей не абмяжоўваецца толькі выкананнем пратаколу ў барацьбе са злоўжываннямі, але давяраць параненых дзяцей Езусу ў малітве, прымаць іх як братоў, таксама маліцца праз заступніцтва святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса аб навяртанні грэшнікаў.

Пантыфік заахвоціў таксама прыкладаць намаганні для барацьбы з дзіцячай парнаграфіяй. Ён падкрэсліў, што дзеці, якія выкарыстоўваюцца для яе вытворчасці, з'яўляюцца ахвярамі спажывецкага грамадства.
 

25 верасня 2023, 13:34