ҽ

Францішак: будучыня не ствараецца праз гвалтоўную сілу зброі

Будучыня не будуецца праз гвалтоўную сілу зброі, але праз ласкавую сілу блізкасці, - зазначыў Святы Айцец. Ён падкрэсліў, што нельга называць сябе хрысціянамі, не будучы гатовымі ісці да канца па шляху любові.

Аляксандр Панчанка – Pope

16 верасня 2023 года Папа прыняў на аўдыенцыі вернікаў з Паўднёвай Карэі, якія здзейснілі пілігрымку ў Рым з нагоды адкрыцця мармуровай скульптуры святога Андрэя Кіма Таэгона, устаноўленай у адной са знешніх ніш ватыканскай базілікі. Сустрэча і цырымонія благаслаўлення статуі адбылася ў 177-ю гадавіну смерці святога – першага карэйскага святара-мучаніка, забітага ў маладым узросце, хутка пасля атрымання прэзбітэрскага пасвячэння.

“Яго постаць запрашае нас адкрыць пакліканне, даручанае Касцёлу ў Карэі, усім вам: вы пакліканы да маладой і гарачай веры, якая, натхнёная любоўю да Бога і бліжняга, становіцца дарам. У гэтым сэнсе, праз прароцтва мучаніцтва, Касцёл у Карэі нагадвае, што нельга ісці за Езусам, не беручы на сябе крыж і нельга называць сябе хрысціянамі, не будучы гатовымі да канца ісці па шляху любові”, - сказаў Пантыфік.

Францішак нагадаў пра евангелізацыйны запал святога Андрэя Кіма Таэгона, заклікаючы ўмацаваць супрацоўніцтва паміж карэйскімі святарамі, кансэкраванымі асобамі і свецкімі вернікамі ў супольным распаўсюджванні Евангелля. “Жаданне падарыць свету евангельскую надзею адкрывае сэрца на энтузіязм, дапамагае пераадолець шматлікія бар’еры. Евангелле – не раздзяляе, а яднае”, - дадаў ён.

Папа заахвоціў сваіх гасцей адкрыць пакліканне да быцця “апосталамі міру” у кожнай сферы жыцця, наследуючы прыклад Андрэя Кіма Таэгон, які ў свае неспакойныя часы здолеў стаць “зернем міру для многіх, пацвярджаючы сваё імкненне сустракаць усіх і весці дыялог з усімі”.

“Гэта прароцтва для Карэйскага паўвострава і ўсяго свету: гэта стымул для таго, каб станавіцца паплечнікамі на шляху і сведкамі прымірэння; гэта пераканаўчае сведчанне таго, што будучыня не будуецца праз гвалтоўную сілу зброі, але праз ласкавую сілу блізкасці. Давайце даверым святому Андрэю Кіму мару пра мір на Карэйскім паўвостраве, які заўсёды знаходзіцца ў маіх думках і малітве”, - сказаў Святы Айцец.

Францішак нагадаў, што ў 2027 годзе ў Сеуле адбудуцца Сусветныя дні моладзі. Ён заўважыў, што таксама ў Паўднёвай Карэі многія маладыя людзі трапляюць у пастку фальшывых міфаў эфектыўнасці, спажывецтва і геданізму. “Але сэрцы моладзі шукаюць іншага – яны створаны для больш шырокіх гарызонтаў: клапаціцеся пра іх, шукайце іх, набліжайцеся да іх, слухайце іх, абвяшчайце ім прыгажосць Евангелля, каб, будучы ўнутрана свабоднымі, яны сталі радаснымі сведкамі праўды і братэрства”, - заахвоціў Святы Айцец.
 

16 верасня 2023, 11:07