ҽ

Папа: пакліканням спрыяе сведчанне жыцця, прысвечанага любові

Быць спецыялістамі ў мастацтве малітвы і міласэрнай любові, якія маюць рукі, узнесеныя да Бога і працягнутыя да братоў, - заклікаў Святы Айцец законнікаў і законніц.

Аляксандр Панчанка – Pope

18 верасня 2023 года Папа прыняў на аўдыенцыі дэлегацыі Рагацыяністаў Сэрца Езуса і Дачок Боскага Запалу – манаскіх супольнасцяў, якія заснаваў у ХІХ стагоддзі італьянскі святар з Сіцыліі, святы Ганібал Марыя Дзі Франча. Адной з адметных рыс гэтых кангрэгацый з’яўляецца іх асаблівая адданасць малітве аб пакліканнях.

Святы Айцец нагадаў, што малітва чырвонай ніткай пранізвала ўсё жыццё святога Ганібала і дапамагла яму зразумець уласнае пакліканне. “Калі мы становімся перад Богам у паслухмянасці і пакоры, часта атрымліваем асаблівае разуменне сэнсу свайго жыцця: менавіта ў вернай і трывалай малітве, асабліва падчас адарацыі, усё набывае гармонію, мы больш выразна ўсведамляем мэты, знаходзячы ў Пану сілу і святло, неабходныя, каб дасягнуць іх згодна з Яго задумамі”, - сказаў Пантыфік.

“Без гэтага ўнутранага агню, які называецца духоўным жыццём, благаннем, малітвай, пакаяннем... не можа ўзнікнуць ніякая добрая справа”, - нагадаў Францішак словы святога Ганібала, заклікаючы сваіх гасцей да штодзённага і працяглага дыялогу з Панам, асабліва перад важнымі падзеямі, сустрэчамі ці рашэннямі.

Папа заўважыў, што святы Ганібал Марыя Дзі Франча адчуваў вялікую спагаду да людзей, бедных матэрыяльна і духоўна. Ён зразумеў, што ў першую чаргу было неабходна маліцца – вядома “не для таго, каб пераканаць Бога паслаць пастыраў, быццам Ён не клапоціцца пра свой народ, але, каб яшчэ больш напоўніцца Яго глыбокай бацькоўскай і мацярынскай любоўю: каб, молячыся, навучыцца быць адчувальным да патрэб Яго дзяцей”.

Пантыфік заклікаў манахаў і манахінь быць “спецыялістамі па Богу” – спецыялістамі ў мастацтве малітвы і міласэрнай любові, якія маюць “рукі, узнесеныя да Бога і працягнутыя да братоў”. “Рукі ўзнятыя і рукі працягнутыя – так становяцца спецыялістамі па Богу! Гэта ваша місія. Пан кліча таксама і сёння і многія маладыя людзі патрабуюць пераканаўчых сведкаў і правадыроў, якія, паказваючы ім прыгажосць жыцця, прысвечанага любові, дапамогуць ім сказаць “так”, - сцвердзіў Францішак.
 

18 верасня 2023, 10:40