ҽ

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Францішак скіраваў ліст да каталіцкай супольнасці В’етнама

Святы Айцец скіраваў ліст да в'етнамскай каталіцкай супольнасці з нагоды заключэння Святы Пасадам і ўладамі гэтай краіны Пагаднення аб статусе Папскага прадстаўніка-рэзідэнта ў В'етнаме.

Аляксандр Панчанка - Pope

“Вера Каталіцкага Касцёла ў вашай краіне нарадзілася і развівалася праз многія пакаленні на падставе запаведзі: “Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, усёй душою тваёю, усім розумам сваім” (Мц 22,37-38). Любоў, насамрэч, з’яўляецца мерай веры, а вера – душой любові. Мы ніколі не павінны забываць, што любоў да Бога і бліжняга – гэта два бакі аднаго медаля”, - падкрэсліў Папа на пачатку паслання, абнародаванага 29 верасня 2023 года.

Францішак нагадаў, што ў кантэксце добрых адносін, якія пазначылі апошнія гады, і з пажаданнем, каб Папскі прадстаўнік стаў мостам для ўмацавання ўзаемных стасункаў, 27 ліпеня 2023 года ён меў задавальненне прыняць Прэзідэнта В’етнама Во Ван Тхыонга з афіцыйным візітам у Ватыкане, што мела важнае значэнне для ўмацавання адносін паміж Апостальскай Сталіцай і Сацыялістычнай Рэспублікай В’етнам.

Папа нагадаў, што ўзаемны давер паміж бакамі ўмацоўваўся на працягу многіх гадоў, дзякуючы штогадовым візітам дэлегацыі Святога Пасаду і сустрэчам адмысловай в’етнамска-ватыканскай рабочай групы. Дыялог, які прадугледжваў прызнанне супадзенняў і адметнасцяў у поглядах, дазволіў лепш зразумець адзін аднаго. І “нават калі кожны перажыў розныя гісторыі і падзеі, усё гэта не перашкаджала нам разам шукаць лепшы шлях для дабра в’етнамскага народа і Касцёла”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Францішак заўважыў, што вызнаўцы Хрыста, “якія знаходзяцца ў свеце, але не належаць да свету”, пакліканы жыць Евангеллем у сваіх краінах і прыкладаць намаганні на карысць іх ураўнаважанага сацыяльнага і эканамічнага развіцця, будучы “добрымі хрысціянамі і добрымі грамадзянамі”. “У гэтай перспектыве, праз стварэнне спрыяльных умоў для карыстання рэлігійнай свабодай, каталіцкія вернікі змогуць прасоўваць дыялог і даваць краіне надзею”, - перакананы Пантыфік.

Святы Айцец нагадаў вернікам, што яны з’яўляюцца “дачкамі і сынамі Касцёла”, а ў той жа час, грамадзянамі В’етнама. Ён працытаваў словы, якія Бэнэдыкт XVI скіраваў у 2009 годзе да в’етнамскіх біскупаў, падкрэсліваючы, што “Касцёл заклікае ўсіх членаў верна будаваць справядлівае, салідарнае і роўнае грамадства”, прымаюць належны ўдзел у жыцці краіны і служэнні ўсяму народу ў духу дыялога і супрацоўніцтва.

Папа падкрэсліў, што сёння існуе вялікая патрэба ў “канкрэтнасці міласэрнай любові”, што выяўляецца ў клопаце пра чалавека і ўвазе да воклічу бедных. Ён згадаў пра ўклад в’етнамскай каталіцкай супольнасці ў служэнне народу падчас пандэміі COVID-19. На яго думку, Касцёл у В’етнаме пацвердзіў, што з’яўляецца “зачынам у грамадстве, суправаджаючы яго ў развіцці і дапамагаючы яго прагрэсу” ў якасці верных, адказных і пераканаўчых вернікаў.

“Дарагія браты і сёстры ў В’етнаме, каталіцкія вернікі, заўсёды гатовыя плённа адказаць на штодзённыя патрэбы і ўдзельнічаць у будаванні агульнага дабра, ва ўсіх сферах грамадскага жыцця краіны, пакліканы споўніць навучанне Езуса быць “святлом свету і соллю зямлі”, каб “святло ваша так свяціла перад людзьмі, каб яны бачылі вашы добрыя ўчынкі і праслаўлялі Айца вашага, які ў нябёсах”, - напісаў Пантыфік.

Францішак працытаваў таксама словы Яна ХХІІІ, які, звяртаючыся да ўсяго свету з просьбай аб супольных намаганнях на карысць міру, пісаў: “Можна спадзявацца, што людзі, сустракаючыся і ведучы перамовы, змогуць лепш усвядоміць повязі, якімі злучаны, што паходзяць ад агульнай чалавечай прыроды, і зразумець, што адна з самых глыбокіх патрэбаў іх чалавечнасці заключаецца ў тым, каб паміж імі і паміж іх народамі панаваў не страх, а любоў, якая выяўляецца ў лаяльным, рознабаковым, дабратворным супрацоўніцтве”.

“Прашу Бога асвясціць і весці вас, каб вы былі здольнымі сведчыць любоў і міласэрнасць Езуса Хрыста дзеля Божай хвалы ў жыцці і ў адносінах з грамадзянскімі ўладамі і кожным чалавекам, незалежна ад яго рэлігіі, расы і культуры”, - напісаў Папа, заклікаючы в’етнамскае духавенства, кансэкраваных асоб і вернікаў мужна наследаваць прыклад Хрыста.
 

29 верасня 2023, 12:05