Францішак: ратаваць мігрантаў у моры – наш чалавечы абавязак
Марыя Валодзіна – Pope
Першы дзень апостальскага падарожжа ў Марсэль завяршыўся сустрэчай Францішка з рэлігійнымі лідарамі, якая прайшла ля помніка ахвярам мора – маракам і мігрантам, зніклым без вестак.
У сваёй прамове Святы Айцец сказаў, што гэты мемарыял нагадвае пра трагедыі караблекрушэнняў і смерці. “Мы сабраліся тут у памяць пра тых, хто не выжыў, каго не выратавалі”, - адзначыў Папа, заклікаючы не забываць, што загінулыя ў моры – “гэта не лічбы, а імёны і прозвішчы, людзі і гісторыі, загубленыя жыцці і няздзейсненыя мары. Перед абліччам гэтай драмы патрэбныя справы, а не словы”, - падкрэсліў Пантыфік, запрашаючы прысутных ушанаваць хвілінай маўчання памяць братоў і сясцёр, загінулых у моры.
Па словах Папы, цудоўнае Міжземнае мора ператварылася ў велізарныя могілкі. Ён працытаваў кнігу Mалодшы брат (Fratellino), у якой малады мігрант з Гвінеі кажа, што выпраўляючыся ў мора, “вы стаіце на ростанях. З аднаго боку – жыццё, з другога – смерць. Іншага выбару няма”. На думку Францішка, мы таксама знаходзімся на ростанях: з аднаго боку – братэрства, з другога – абыякавасць. “Мы знаходзімся на скрыжаванні цывілізацый”, – папярэдзіў Святы Айцец.
Нельга змірыцца з тым, што з людзьмі абыходзяцца як з разменнай манетай, кідаюць у турмы і падвяргаюць жорсткім катаванням. Нельга спакойна назіраць за драмай караблекрушэнняў. “Людзі, якія рызыкуюць патануць у марскіх хвалях, павінны быць выратаваны. Гэта абавязак чалавецтва, гэта абавязак цывілізацыі!” – сцвердзіў Папа.
Прадстаўнікі розных рэлігій закліканы быць у гэтым прыкладам, - адзначыў Пантыфік, нагадаўшы, што Бог благаславіў Абрама, паклікаўшы яго пакінуць радзіму і ісці невядома куды. У чужой краіне, пазбаўлены прытулку, Абрам гасцінна вітаў падарожнікаў, “быў і домам, і Айчынай для ўсіх”. Такім чынам, у аснове трох міжземнаморскіх монатэістычных рэлігій ляжаць гасціннасць і любоў да іншаземцаў.
І хоць адносіны паміж рэлігійнымі групамі часта няпростыя, пазначаныя экстрэмізмам і фундаменталізмам, нельга захоўваць у сэрцы нянавісць да бліжняга, бо калі чалавек адчувае нянавісць, ён не можа жыць у міры з Богам. Пакуль у душы захоўваецца гнеў, малітва чалавека не будзе пачутая Богам, - папярэдзіў Святы Айцец.
Сённяшні Марсэль, з яго рэлігійным плюралізмам, таксама стаіць на ростанях: з аднаго боку – сустрэча, з другога – канфрантацыя. Папа падзякаваў усім тым, хто выбірае шлях сустрэчы, за салідарнасць і прыхільнасць чалавечаму развіццю і інтэграцыі. “Вы – Марсэль будучыні” – сказаў ён, заклікаючы прысутных ісці наперад, каб горад стаў мазаікай надзеі для Францыі, Еўропы і ўсяго свету.
Напрыканцы прамовы Францішак працытаваў словы Давіда Сасолі, старшыні Еўрапейскага парламента, памерлага ў 2022 годзе. У сваім звароце ў Бары з нагоды папярэдніх Міжземнаморскіх сустрэч ён заклікаў удзельнікаў стварыць новы гуманізм, разам змагацца з ідаламі, разбураць сцены, будаваць масты і не баяцца выклікаў, якія кідае нам Міжземнамор'е.
“Браты і сёстры, давайце разам вырашаць гэтыя праблемы! Не дазволім патануць надзеі! Давайце разам складзем мазаіку міру!” – такімі словамі завяршыў сваю прамову Францішак, пасля чаго разам з двума мігрантамі і рэлігійнымі лідарамі ўсклаў ля мемарыяла жалобны вянок.