ҽ

Францішак правёў кансісторый па прызначэнні новых кардыналаў

30 верасня 2023 года Святы Айцец узначаліў на плошчы святога Пятра Звычайны публічны кансісторый па прызначэнні новых кардыналаў. Кардынальскую годнасць на ім атрымаў 21 іерарх, з якіх 18 выбаршчыкаў.

Марыя Валодзіна – Pope

Урачыстая цырымонія прайшла ў прысутнасці амаль 12 тысяч чалавек - хрысціянскіх вернікаў, сем'яў, афіцыйных дэлегацый з розных краін свету, палітычных і рэлігійных дзеячаў.

Кардынальскі берэт і пярсцёнак з рук Святога Айца атрымалі 20 кардыналаў з чатырох кантынентаў. Адзін з новапрызначаных кардыналаў, ксёндз Луіс Паскуаль Дры, 96-гадовы манах-капуцын, які цягам многіх гадоў спавядае ў санктуарыі Маці Божай Пампейскай у Буэнас-Айрэсе, не змог здзейсніць падарожжа. Ён атрымае берэт з рук арцыбіскупа Буэнас-Айрэса.

Кансісторый стаў дзевятым у пантыфікат Францішка. Кардынальскую годнасць на ім атрымалі: арцыбіскуп Роберт Фрэнсіс Прэвост, прэфект Дыкастэрыі па справах біскупаў; арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці, прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў; арцыбіскуп Віктар Мануэль Фернандэс, прэфект Дыкастэрыі веравучэння; арцыбіскуп Эміль Поль Шэрыг, апостальскі нунцый; арцыбіскуп Крыстоф Луі Іў Жорж П’ер, апостальскі нунцый; арцыбіскуп П'ербатыста Піцабала, Лацінскі Патрыярх Іерусаліма; арцыбіскуп Кейптаўна Стывен Брыслін; арцыбіскуп Кордавы Анхель Сіста Росі; арцыбіскуп Багаты Луіс Хасэ Руэда Апарысьё; арцыбіскуп Лодзінскі Гжэгаж Рысь; арцыбіскуп Джубы Стэфан Эмею Марцін Мула; арцыбіскуп Мадрыдскі Хасэ Коба Кана; арцыбіскуп-каад'ютар Таборы Пратасэ Ругамбва; біскуп Пенанга Себасцьян Фрэнсіс; біскуп Ганконга Стывен Чоў Сау-Ян; біскуп Аяча Франсуас-Ксав’е Бусціё; дапаможны біскуп Лісабона Амерыку Мануэль Алвеш Агіяр; генеральны настаяцель салезіянаў Анхель Фернандэс Арцімэ.

Акрамя таго, у склад Калегіі кардыналаў увайшлі іншыя прадстаўнікі духавенства: арцыбіскуп Агасціна Маркета, апостальскі нунцый; арцыбіскуп-эмерыт Куманы Дыега Рафаэль Падрон Санчэс; капуцын Луіс Паскуаль Дры, спаведнік у санктуарыі Маці Божай з Пампеі ў Буэнас-Айрэсе.

Зараз Калегія кардыналаў налічвае 242 іерархі, 138 з якіх маюць права голасу на наступным канклаве.

30 верасня 2023, 12:49