ҽ

Хорхэ Марыа Берголіа (злева) – малады святар Хорхэ Марыа Берголіа (злева) – малады святар  

70-годдзе паклікання Францішка да святарства

Папа неаднаразова расказваў, што ведае дакладны дзень, калі распазнаў пакліканне да святарства. Гэта адбылося 21 верасня 1953 года, ва ўспамін святога Мацвея – грэшніка і мытніка, якога Хрыстус паклікаў стаць Яго апосталам.

Аляксандр Панчанка – Pope

У гэты дзень 17-гадовы Хорхэ Марыа Берголіа планаваў раздзяліць з сябрамі радасць студэнцкага свята, але будучы пабожным католікам, вырашыў спачатку памаліцца ў храме. Раніцай ён прыйшоў у касцёл святога Хасэ дэ Флорэса ў Буэнас-Айрэсе, які звычайна адведваў, і сустрэў там невядомага яму святара. У юнака ўзнікла моцнае жаданне паспавядацца, а таксама адчуванне быццам “Нехта” яго чакаў, і “чакаў даўно”.

“Пасля споведзі я адчуў, што нешта змянілася. Я не быў такім як раней. Я быццам пачуў голас, пакліканне: я быў перакананы, што павінен стаць святаром”, - дзяліўся Пантыфік у вігілію ўрачыстасці Спаслання Святога Духа ў 2013 годзе. На свята з сябрамі Хорхэ Берголіа ў той дзень не пайшоў, а вярнуўся дамоў з упэўненасцю у тым, што Бог кліча яго за Сабой.

Францішак падкрэсліваў, што яго пакліканне нарадзілася ў выніку сустрэчы з Божай міласэрнасцю. У сувязі з гэтым ён выбраў у якасці біскупскага дэвіза словы, якія нагадваюць пра пакліканне Езусам святога Мацвея, узятыя з гаміліі сярэднявечнага святара, святога Беды Вялебнага: Miserando Atque Eligendo – Злітаваўшыся, выбраў яго.

Каментуючы знакаміты мастацкі твор Караваджа Пакліканне святога Мацвея, Пантыфік прызнаваўся, што, гледзячы яго, адчувае сябе як апостал на карціне: грэшнікам, на якога скіраваў позірк Езус Хрыстус  позірк міласэрны, поўны літасці і любові.
 

21 верасня 2023, 10:24