Пантыфік: не заставацца абыякавымі да трагедый мігрантаў
Аляксандр Панчанка – Pope
“З болем успрыняў навіну аб новым караблекрушэнні мігрантаў у Міжземным моры. Не застанемся абыякавымі да гэтых трагедый і памолімся за ахвяраў і іх сем’і”, - напісаў Папа ў сацыяльнай сетцы X (былы Twitter).
У выніку крушэння судна з мігрантамі загінуў па меншай меры 41 чалавек, сярод якіх трое дзяцей. 7-мятровая металічная лодка, напоўненая людзьмі, накіроўвалася ў Італію з горада Сфакс у Тунісе, але з-за вялікіх хваляў перавярнулася ў Сіцылійскім канале і патанула.
Па словах італьянскіх праваахоўнікаў, такія чаўны не прыдатныя для выйсця ў адкрытае мора і кантрабандысты, якія садзяць у іх людзей, адпраўляюць іх на верную гібель. З усіх пасажыраў толькі пятнаццаць чалавек мелі ратавальныя сродкі – гумавыя камеры для аўтамабільных колаў.
У выніку крушэння ў Сіцылійскім канале выжылі чатыры чалавека – тры мужчыны і адна жанчына з Кот-д’Івуару і Гвінеі. Іх выратаваў з вады экіпаж мальтыйскага судна, якое знаходзілася недалёка ад месца здарэння, і перадаў італьянскай берагавой ахове. Мігранты былі дастаўлены на востраў Лампедуза.
Паводле інфармацыі міжнароднай арганізацыі Save the Children, якая на працягу больш чым стагоддзя займаецца ратавання дзяцей, з пачатку 2023 года ў водах Міжземнага мора загінула больш за 2 тысячы чалавек, якія спрабавалі трапіць у Еўропу. Па колькасці ахвяр гэты год можа стаць горшым за 2016 год, калі ў Міжземным моры патанулі 3800 чалавек.