ҽ

Аўдыенцыя з нагоды 100-годдзя кангрэгацыі Сясцёр Вучаніц Эўхарыстычнага Езуса Аўдыенцыя з нагоды 100-годдзя кангрэгацыі Сясцёр Вучаніц Эўхарыстычнага Езуса  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Папа: ваяваць з беднасцю і распаўсюджваць эпідэмію любові

Святы Айцец нагадаў пра важнасць эўхарыстычнай адарацыі ў служэнні самым бедным і маргіналізаваным, каб вучыцца глядзець на братоў праз павелічальнае шкло кансэкраванай Гостыі.

Аляксандр Панчанка – Pope

25 жніўня 2023 года Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў пілігрымкі, арганізаванай Сёстрамі Вучаніцамі Эўхарыстычнага Езуса з нагоды 100-годдзя гэтай манаскай супольнасці. Яе заснавалі 4 кастрычніка 1923 года італьянскі біскуп Рафаэла Дэле Ноке і дзве маладыя жанчыны – Лінда Макіна і Сільвія Дзі Сома.

Папа нагадаў, што кангрэгацыя ўзнікла ў дыяцэзіі Трыкарыка на поўдні Італіі, у вельмі бедным рэгіёне, пазначаным “шрамамі Першай сусветнай вайны і разбуральнай пандэміі іспанкі”.

“Дух скіраваў на гэту зямлю біскупа, закаханага ў Бога і народ, які меў моцнае духоўнае жыццё і вялікую адчувальнасць да патрэб людзей”, - сказаў Святы Айцец. Прыбыўшы ў сваю новую дыяцэзію біскуп Рафаэла Дэле Ноке не знайшоў ніводнай мужчынскай ці жаночай манаскай супольнасці, якая захацела б працаваць там. Аднак, не апусціў рукі: на заклік Пія ХІ ён сам заснаваў кангрэгацыю, якая дапамагала яму ў служэнні самым апошнім, - дадаў Пантыфік.

Францішак заўважыў, што ў цэнтры жыцця манахінь гэтай новай супольнасці знаходзілася Эўхарыстыя: “Сакрамэнт міласэрнасці, знак еднасці, повязь любові” (Sacrosanctum Concilium, 47).

Законніцы служылі людзям, “запаўнялі пяшчотай раны і пустату, выкліканыя грахом чалавека і грамадства”, заўсёды пачынаючы з адарацыі Езуса ў Эўхарыстыі, па доўгу прабываючы перад Ім, як заклікаў іх біскуп. Перад абліччам вялізарных патрэб і амаль поўнай адсутнасці сродкаў, гэта стратэгія здавалася абсурднай, калі глядзець на яе праз крытэрыі свету, але “таксама і ў гэтым выпадку шлях веры і ахвяраванне сабой спрацавалі”, - сказаў сваім гасцям Пантыфік.

“Малітва гэтых адважных жанчын насамрэч выклікала заразную сілу, якая неўзабаве прывяла іх да распачынання і прасоўвання спраў матэрыяльнага, культурнага і духоўнага адраджэння, якія значна перавысілі ўсе чаканні. Яны абудзілі веру і адданасць сем’яў і парафіяльных супольнасцей, заснавалі школы рознага тыпу і ўзроўню, адрадзілі пабожнасць і пачуццё ўласнай годнасці ў многіх людзях, мужчынах і жанчынах, моладзі, дарослых і пажылых, якія вельмі часта і занадта доўга былі прыгнечаныя нялюдскімі ўмовамі жыцця, пагардай і абыякавасцю навакольнага свету, які не бачыў у іх нічога, акрамя адкідаў грамадства. Яны развязалі іншую “вайну”: супраць беднасці і несправядлівасці; і яны распаўсюдзілі іншую эпідэмію: эпідэмію любові”, - падкрэсліў Францішак.

Святы Айцец заклікаў законніц з кангрэгацыі Сясцёр Вучаніц Эўхарыстычнага Езуса працягваць дзейнасць сваіх заснавальнікаў: клапаціцца пра самых бедных і маргіналізаваны, пачынаючы ўсё з эўхарыстычнай адарацыі і вучачыся “глядзець на братоў праз павелічальнае шкло кансэкраванай Гостыі”.

“Біскуп Рафаэль прасіў Сясцёр Вучаніц быць vasa Domini, гэта значыць “келіхамі і патэнамі”, у якім сціплая ахвяра бедных магла быць прынята і прадстаўлена Богу. Мне здаецца, што гэта цудоўны вобраз вашай місіі: адмовіцца ад сябе, мець “заўсёды пустую торбу”, як часта паўтараў ваш заснавальнік, каб быць адкрытымі і прасторнымі “амфарамі”, гатовымі прыняць усіх і несці ўсіх у сэрцы да Бога, каб кожны мог у сваю чаргу рабіць з уласнага жыцця дар. Будзьце такімі: vasa Domini, “адкрытымі келіхамі”, на каленях перад табернакулюмам і з заўсёды раскрытымі для братоў адбымкамі”, - заахвоціў манахінь Святы Айцец.
 

25 жніўня 2023, 12:07