Францішак: моладзь шукае сапраўднай веры і сустрэчы з Хрыстом
Аляксандр Панчанка – Pope
Пантыфік падкрэсліў, што неабходна заўсёды маліцца за мір, аб чым прасіла Багародзіца падчас аб’яўленняў у Фаціме ў гады Першай сусветнай вайны. Ён сказаў, што падчас свайго візіту ў партугальскі марыйны санктуарый не прамовіў гэтай інтэнцыі, але маліўся ў ёй у цішыні.
Адно з пытанняў журналістаў тычылася выпадкаў сексуальнага гвалту над непаўналетнімі і сустрэчы Святога Айца з ахвярамі злоўжыванняў. Папа нагадаў, што сустрэўся ў нунцыятуры ў Лісабоне з групай людзей, якія сталі ахвярамі гвалту з боку духавенства. “Як заўсёды ў такіх выпадках, мы гаварылі аб гэтай страшнай пошасці”, - сказаў ён.
Пантыфік прызнаў, што Касцёл неналежна рэагаваў на выпадкі злоўжыванняў, утойваючы іх, як гэта звычайна адбываецца ў іншых асяродках, напрыклад у сем’ях ці ў гарадскіх кварталах. Ён падкрэсліў, што ў адносінах да ўсіх злоўжыванняў не павінна быць ніякай талерантнасці.
Журналісты спыталіся Святога Айца пра яго самаадчуванне, пра прычыны, па якіх ён падчас візіту ў Партугалію значна скараціў частку падрыхтаваных загадзя прамоў, а таксама пра задуму паехаць у Марсель, а не ў Францыю як такую.
Францішак запэўніў, што стан яго здароўя даволі добры. Скарачэнне прамоў адбылося не з прычыны яго стомленасці, але з жадання зрабіць іх максімальна зразумелымі і камунікатыўнымі. Ён адзначыў, што моладзь не любіць доўгіх казанняў. Папа падкрэсліў, што гамілія ўвогуле павінна быць кароткай, яснай, з выразным пасланнем, а таксама далікатнай.
Пантыфік патлумачыў, што матывам яго паездкі ў Марсель з’яўляецца занепакоенасць лёсам мігрантаў. “Эксплуатацыя мігрантаў – гэта злачынства”, - сказаў Папа. Ён адзначыў, што самыя вялікія могілкі мігрантаў у свеце знаходзяцца нават ні ў Міжземным моры, а ў Паўночнай Афрыцы. З-за гэтай праблемы ён адправіцца ў Марсель, куды плануе прыбыць таксама Эмануэль Макрон. Святы Айцец патлумачыў, што ў асноўным наведвае малыя еўрапейскія краіны, а вялікія, такія як Іспанія, Францыя і Англія, пакідае на пазнейшы час.
Журналістка нямецкага грамадскага тэлебачання ARD спытала Святога Айца пра тое, чаму ён з аднаго боку, клапоціцца аб тым, каб у Касцёле было месца для ўсіх, а з іншага – не ўсе маюць аднолькавы доступ да некаторых сакрамэнтаў.
Папа заўважыў, што не варта змешваць двух парадкаў: Касцёл застаецца адкрытым для ўсіх, але ёсць правілы, якія рэгулююць яго ўнутранае жыццё. Ён адзначыў, што Касцёл з’яўляецца Маці, якая заўсёды прымае сваіх дзяцей, але таксама вядзе іх да найпаўнейшай сталасці.
Затым, кажучы пра Сусветныя дні моладзі ў Лісабоне, якія толькі што завяршыліся, Святы Айцец падкрэсліў, што яны былі ўжо чацвёртымі за перыяд яго пантыфікату і самымі шматлюднымі. “З тых, што я бачыў, гэтыя былі найлепш падрыхтаванымі”, - дадаў ён.
Пантыфік выказаў свой давер да сучаснай моладзі, але падкрэсліў, што трэба дапамагчы ёй не згубіць карані – менавіта таму ён настойвае на дыялогу паміж маладымі пакаленнямі і пажылымі людзьмі. Святы Айцец выказаў перакананне, што моладзь з’яўляецца рэлігійнай, але шукае сапраўднай веры, шукае сустрэчы з Езусам.
Апошняе пытанне тычылася даволі частых выпадкаў суіцыду сярод моладзі. Францішак нагадаў, што адной з прычын гэтых трагедый з’яўляецца вялікі сацыяльны ціск, і тое, што маладыя людзі, якія не могуць атрымаць дыплом або знайсці працу, здзяйсняюць самагубства, бо адчуваюць вялікі сорам. Гэта актуальная праблема, - адзначыў Папа.