Святы Пасад абвясціў аб прызначэнні пастыра Шанхайскай дыяцэзіі
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Душпастырскае жыццё біскупа Шэня было звязана з Хаймэньскай дыяцэзіяй. Пасля святарскага пасвячэння 1 лістапада 1996 года ён служыў тут спачатку ў якасці вікарыя, затым генеральнага вікарыя і пробашча. 17 красавіка 2010 года са згоды Святога Пасада ён быў прызначаны дыяцэзіяльным біскупам Хаймэня. З'яўляецца старшынёй арганізацыі, вядомай як Калегія кітайскіх каталіцкіх біскупаў.
Шанхайская дыяцэзія не мела біскупа 10 гадоў. У 2012 годзе сюды прызначылі дапаможнага біскупа, рашэнне было ўзгоднена Святым Пасадам і кітайскімі ўладамі. Пасля таго як у дзень свайго пасвячэння біскуп Тадэус Ма Дацын абвясціў аб выхадзе з праўрадавай Патрыятычнай асацыяцыі кітайскіх католікаў, яго змясцілі пад хатні арышт. Улады да сённяшняга дня забараняюць яму выконваць біскупскія абавязкі.
Шанхайская дыяцэзія (лац.: Dioecesis Sciamhaevensis) уваходзіць у Нанкінскую мітраполію. Мясцовая біскупская кафедра знаходзілася ў статусе sede vacante з 12 сакавіка 2000 года, пасля смерці папярэдняга пастыра – кардынала Ігнацыя Гун Піньмэя, які кіраваў ёй з ліпеня 1950 года.
Першы каталіцкі храм у Шанхаі быў пабудаваны ў 1608 годзе італьянскім езуітам Ладзара Катанэа. 13 снежня 1933 года тут з’явілася першая пастаянная каталіцкая структура – апостальскі вікарыят. Яго заснаваў Пій XI сваёй булай Iampridem Apostolica. 11 красавіка 1946 года Пій XII выдаў булу Quotidie Nos, якой стварыў Шанхайскую дыяцэзію. 9 чэрвеня 1949 года яна перадала частку сваёй тэрыторыі новастворанай дыяцэзіі Сучжоу.