Папа запрашае паставіць Эўхарыстыю ў цэнтр жыцця
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Святы Айцец сцвярджае, што Эўхарыстыя – гэта тое, што “дае нам адвагу ісці да іншых, выходзіць па-за свае межы і адкрывацца з любоўю на бліжніх”. Тлумачачы, што “гэта Хрыстус ахвяруе сябе” ў Эўхарыстыі, Папа запрашае “дазволіць Яму сілкаваць нашае жыццё і жыццё нашых братоў і сясцёр”.
“Калі мы пакідаем Імшу такімі ж, якімі прыйшлі на яе, значыць, нешта не так”, - з такіх слоў Пантыфіка пачынаецца відэа-ролік. Сваёй новай малітоўнай інтэнцыяй, перададзенай усяму Касцёлу праз Сусветную малітоўную сетку, Святы Айцец запрашае разглядаць цэлебрацыю не як рытуальны абавязак, але як сустрэчу з уваскрослым Езусам, таму што “Эўхарыстыя – гэта прысутнасць Езуса”, якая “глыбока перамяняе”.
Сцэны відэа гэтага месяца адбываюцца ў амерыканскім горадзе Дэтройт. Яго героі – гэта тры вернікі мясцовай архідыяцэзіі, якія ў канцы Імшы нясуць святую Камунію братам і сёстрам у патрэбе па-за межамі касцёла, вяртаючы тую любоў, якую самі атрымалі ў Эўхарыстыі.
“Молімся аб тым, каб католікі ставілі ў цэнтр жыцця цэлебрацыю Эўхарыстыі, якая глыбока перамяняе чалавечыя адносіны і адкрывае на сустрэчу з Богам і з братамі”, - так гучыць папская інтэнцыя на ліпень 2023 года.