Папа да ФАО: сёння ніхто не можа быць пазбаўлены хлеба
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Францішак лічыць, што “трэба паўтараць зноў і зноў: беднасць, няроўнасць, адсутнасць доступу да элементарных рэсурсаў, такіх як ежа, пітная вада, медыцынскае абслугоўванне, адукацыя, жыллё, з'яўляюцца сур'ёзнай знявагай чалавечай годнасці”.
Ён спаслаўся на меркаванне многіх экспертаў, якія кажуць, што мэта знішчэння голаду не будзе дасягнута ў вызначаныя міжнароднай супольнасцю тэрміны. Нават калі так адбудзецца, перакананы Пантыфік, не варта тыражаваць новыя перагледжаныя праграмы, якія маюць не шмат агульнага з задавальненнем рэальных патрэб людзей.
“Мы павінны быць вельмі ўважлівымі і паважаць мясцовыя супольнасці, культурную разнастайнасць і традыцыйныя асаблівасці, якія нельга змяніць або знішчыць у імя недальнабачнай ідэі прагрэсу, якая ў рэчаіснасці рызыкуе стаць сінонімам ідэалагічнай каланізацыі”, - заўважыў Папа.
Ён нагадаў пра задачу, якая стаіць перад чалавецтвам – “сумесныя дзеянні ўсёй сям'і народаў”, дзе няма месца для канфліктаў або апазіцыі, бо “сучасныя велізарныя праблемы патрабуюць цэласнага падыходу з удзелам многіх зацікаўленых бакоў”.
“Апостальская Сталіца, - запэўніў Францішак, - працягне ўносіць свой уклад у агульнае дабро, прапаноўваючы вопыт і працу ўстаноў, звязаных з Каталіцкім Касцёлам, каб у нашым свеце ніхто не быў пазбаўлены хлеба надзённага, а наша планета атрымала неабходную абарону, каб яна зноў стала выдатным садам, які выйшаў з рук Створцы на радасць людзям”.