Апублікавана праграма папскага падарожжа ў Марсэль
Марыя Валодзіна – Pope
Самалёт з Пантыфікам на борце вылеціць з Рыма ў пятніцу, 22 верасня, у 14.35, і прызямліцца ў міжнародным аэрапорце Марсэля ў 16.15. Пасля цырымоніі прывітання і сустрэчы з прэзідэнтам Францыі, Пантыфік накіруецца ў базіліку Нотр-Дам-дэ-ла-Гард, дзе ўзначаліць марыйную малітву з дыяцэзіяльным духавенствам і звернецца да прысутных з прывітальным словам. Завершыцца першы дзень падарожжа сустрэчай Святога Айца з рэлігійнымі лідарамі, якая пройдзе каля помніка, прысвечанага ахвярам мора – зніклым без вестак маракам і мігрантам.
Суботу, 23 верасня, Папа распачне прыватнай сустрэчай з людзьмі, якія знаходзяцца ў цяжкім эканамічным становішчы. Затым Францішак адправіцца ў Палац Фаро, дзе пройдзе заключная сесія Міжземнаморскіх сустрэч, падчас якой Папа звернецца да яе ўдзельнікаў з прамовай. Пасля гэтага запланавана сустрэча Пантыфіка з прэзідэнтам Францыі.
У другой палове дня Папа возьме ўдзел у святой Імшы, якая пройдзе на стадыёне Веладром, і прамовіць гамілію. Гэта будзе апошняе афіцыйнае мерапрыемства ў праграме апостальскага падарожжа Францішка ў Марсэль. Пасля цырымоніі развітання Святы Айцец вылеціць у Рым, дзе яго будуць чакаць каля 20.50.