ҽ

Папа: вайна патрабуе ад хрысціян высілкаў на карысць міру

“Як вучні Хрыста мы не можам скарацца перад вайной, але павінны разам працаваць дзеля міру”, - падкрэсліў Святы Айцец. Ён адзначыў важнасць сведчання Божай любові, якое павінны даваць хрысціяне.

Аляксандр Панчанка – Pope

30 чэрвеня 2023 года Папа сустрэўся з дэлегацыяй Канстантынопальскага Патрыярхату, якая прыбыла ў Рым на святкаванне ўрачыстасці святых Пятра і Паўла пад кіраўніцтвам мітрапаліта Ёва (Гетча). Візіт прайшоў у рамках традыцыйнага абмену дэлегацыямі.

Святы Айцец уручыў сваім гасцям тэкст прамовы, падрыхтаванай загадзя, у якой, між іншым звярнуў увагу на пакуты насельніцтва Украіны. “Гэта вайна, якая закранае нас блізка, паказвае, што насамрэч усе войны – гэта толькі катастрофы, татальныя катастрофы: для народаў і сем’яў, для гарадоў і вёсак, а таксама для стварэння, што мы маглі нядаўна ўбачыць пасля разбурэння дамбы ў Новай Кахоўцы”, - напісаў Папа.

Францішак адзначыў важнасць намаганняў на карысць міру. “Як вучні Хрыста мы не можам скарацца перад вайной, але павінны разам працаваць дзеля міру. Трагічная рэальнасць гэтай вайны, якой, здаецца, няма канца, вымагае ад усіх нас супольных крэатыўных намаганняў, каб вызначыць і рэалізаваць шляхі да міру, да справядлівага і стабільнага міру”, - дадаў ён.

Пантыфік нагадаў, што мір з’яўляецца Божым дарам, але патрабуе таксама і высілкаў з боку людзей, асабліва вернікаў, якія павінны ўдзельнічаць у міратворчай справе Бога. Ён заўважыў, што мір нараджаецца з сэрца чалавека, таму неабходна навяртанне і аднаўленне сэрцаў людзей любоўю Нябеснага Айца – любоўю бескарыслівай і паўсюднай.

Святы Айцец выказаў задавальненне паспяховым завяршэннем 15-й пленарнай сесіі Змешанай міжнароднай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Рыма-Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой, якая прайшла 1-7 чэрвеня 2023 года ў егіпецкім горадзе Александрыя. Падчас яе быў прыняты дакумент пад назвай: Сінадальнасць і прымат у другім тысячагоддзі і сёння.

“Гэта можа дапамагчы пераадолець палемічныя аргументы, якія выкарыстоўваюць абодва бакі, аргументы, якія могуць здавацца карыснымі для ўмацавання іх тоеснасці, але на самой справе засяроджваюцца толькі на сябе і мінулым”, - зазначыў Папа, падкрэсліваючы, што сёння трэба “разам шукаць спосаб ажыццяўлення прымату, які ў кантэксце сінадальнасці служыў бы адзінству Касцёла на паўсюдным узроўні”.

“У сувязі з гэтым варта зрабіць удакладненне: нельга думаць, што тыя самыя прэрагатывы, якія мае Біскуп Рыма ў адносінах да сваёй дыяцэзіі і каталіцкай супольнасці, будуць распаўсюджвацца на праваслаўныя супольнасці; калі з Божай дапамогай мы будзем цалкам з’яднаныя ў веры і любові, форма, у якой Біскупы Рыма будзе выконваць сваё служэнне адзінству ў Касцёле на паўсюдным узроўні, павінна вынікаць з непарыўнай сувязі паміж прыматам і сінадальнасцю”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Францішак заклікаў не забывацца, што “поўная еднасць будзе дарам Святога Духа і што яе трэба шукаць у Духу, бо адзінства паміж вернікамі – гэта не пытанне саступак і кампрамісаў, але братэрскай любові, братоў, якія прызнаюць адзін аднаго ўмілаванымі дзецьмі Айца і, напоўненыя Духам Хрыста, здольныя змяшчаць свае адрозненні ў больш шырокі кантэкст”.
 

30 чэрвеня 2023, 11:58