ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Папа: у аснове грамадства павінна быць этыка дару, а не абмену

Неабходна думаць і дзейнічаць у катэгорыях супольнасці, - падкрэсліў Францішак, прымаючы на аўдыенцыі 5 чэрвеня 2023 года членаў Папскага фонда Centesimus Annus Pro Pontifice.

Святы Айцец нагадаў, што місія Фонда заключаецца ў тым, каб “вывучаць і распаўсюджваць сацыяльнае вучэнне Касцёла, намагаючыся паказаць, што яно з’яўляецца не толькі тэорыяй, але можа стаць дабрадзейным ладам жыцця, які дапамагае развіццю грамадства, годнаму чалавека”.

Францішак заклікаў паставіць чалавека і агульнае дабро ў цэнтр эканомікі, бо “нездаровая” эканамічная дзейнасць стварае чалавечыя “адкіды” і спрыяе “глабалізацыі абыякавасці”. “Пануючая тэхнакратычная парадыгма”, на думку Святога Айца, наносіць вялізарную шкоду, таму трэба кіравацца “логікай інтэгральнай экалогіі”, якая ўлічвае ўзаемасувязь паміж сацыяльнымі і экалагічнымі праблемамі.

“Клопат пра стварэнне і ўвага да бедных стаяць і падаюць разам. У рэшце рэшт, ніхто не збавіцца ў адзіночку, а адкрыццё нанова братэрства і сацыяльнага сяброўства мае вырашальнае значэнне для таго, каб не ўпасці ў індывідуалізм, які прыводзіць да страты радасці жыцця”, - дадаў Папа.

Святы Айцец нагадаў таксама пра важнасць салідарнасці, якая не з’яўляецца “спарадычнай шчодрасцю”: яна прадугледжвае “мысленне і дзеянне ў катэгорыях супольнасці, прыярытэт жыцця ўсіх перад прысвойваннем дабротаў некаторымі”, “барацьбу са структурнымі прычынамі беднасці, няроўнасці, адсутнасцю працы, зямлі і жылля, адмаўленнем сацыяльных і працоўных правоў”, а таксама змаганне “з разбуральнымі наступствамі імперыі грошай: вымушанымі перасяленнямі, балючай міграцыяй, гандлем людзьмі і наркотыкамі, войнамі, насіллем”. Папа падкрэсліў, што “салідарнасць у яе самым глыбокім сэнсе з’яўляецца спосабам будавання гісторыі”.

Францішак нагадаў, што грамадства павінна дапамагаць самым слабым і даваць голас тым, хто яго не мае, для чаго неабходна, “вызваляць месца” для іншых, трэба, каб кожны крыху абмежаваў уласнае “я” і дазволіў існаваць бліжняму. “Але для гэтага трэба, каб у фундаменце грамадства была этыка дару, а не абмену”, - дадаў ён.

“Дарагія браты і сёстры, думаць і дзейнічаць у катэгорыях супольнасці азначае вызваляць месца для іншых, ўяўляць будучыню і працаваць для будучыні, у якой кожны зможа знайсці сваё месца і сваё месца ў свеце”, - падкрэсліў Папа, дадаючы, што ўсе мы маем патрэбу ў супольнасці, здольнай даваць голас тым, хто яго не мае.
 

05 чэрвеня 2023, 11:11