Пантыфік журналістам: спрыяць дыялогу, а не ваяўнічай рыторыцы
Аляксандр Панчанка – Pope
24 чэрвеня 2023 года Папа сустрэўся з членамі Фонда імя Б’яджа Аньезе – арганізацыі, якая носіць імя італьянскага журналіста і кіраўніка грамадскага тэлебачання RAI у 1990-1997 гадах. Нагодай для аўдыенцыі стала ўручэнне Фондам штогадовай міжнароднай журналісцкай прэміі, названай у гонар гэтага дзеяча СМІ.
У тэксце прамовы, якую Пантыфік уручыў сваім гасцям, ён нагадаў, што журналістыка, “як аповед пра рэчаіснасць, патрабуе здольнасці ісці туды, куды ніхто не ідзе”: патрабуе “руху і жадання бачыць” патрабуе “цікаўнасці, адкрытасці і руплівасці”. На яго думку, распавядаючы пра трагедыю і абсурднасць канфліктаў, журналіст павінен дапамагчы ўсім людзям адчуць сябе часткай гэтых пакут.
Святы Айцец прапанаваў паразважаць пра журналісцкую працу праз прызму трох элементаў: нататніка, ручкі і позірку. Першы з іх нагадвае пра важнасць занатавання фактаў і глыбокага разважання над імі, пра неабходнасць слухання і ўнутранага перажывання таго, што адбылося.
Ручка, па слова Папы, хоць і выкарыстоўвацца ўсё менш, будучы замененай больш тэхнічнымі сродкамі, дапамагае развіць думку, злучае розум і галаву, садзейнічае ўспамінам і звязвае памяць з сучаснасцю: яна нагадвае пра рамесніцкі характар працы, да якой пакліканы журналіст; працы, якая патрабуе спалучэння пошуку праўды з сумленнасцю і павагай да людзей, а асабліва з павагай да прафесійнай этыкі.
Францішак звярнуў увагу таксама на важнасць рэальнага, а не віртуальнага позірку на рэчаіснасць, асабліва сёння, калі больш, чым у мінулым, “нашу ўвагу могуць адцягваць словы, вобразы і паведамленні, якія забруджваюць жыццё”.
“Давайце падумаем, напрыклад, пра сумны феномен фальшывых навін, пра ваяўнічую рыторыку ці пра ўсё, што маніпулюе праўдай. Нам патрэбны ўважлівы позірк на тое, што адбываецца, каб раззброіць мову і спрыяць дыялогу”, - зазначыў ён.
Святы Айцец падкрэсліў, што такі позірк павінен ісці з сэрца: адтуль “зыходзяць правільныя словы, каб рассеяць цені замкнёнага і падзеленага свету і пабудаваць цывілізацыю, лепшую за тую, якую мы атрымалі”. “Гэта намаганні, неабходныя кожнаму з нас, але якія асабліва нагадваюць пра пачуццё адказнасці работнікаў сферы камунікацыі, каб яны маглі выконваць сваю прафесію як місію”, - адзначыў Пантыфік.