Святы Айцец: весці дыялог – значыць паважаць шлях іншых
Марыя Валодзіна - Pope
Важна весці дыялог з тымі, хто думае інакш за нас, таму што Бог - Айцец усіх, і гэта вядзе нас да дыялогу і павагі да іншых людзей, - з такімі словамі звярнуўся Францішак 5 мая 2023 года да ўдзельнікаў кангрэса, арганізаванага Інстытутам па міжрэлігійным дыялогу ў Аргенціне.
Папа падкрэсліў, што "рэлігійныя канфесіі не заўсёды вялі дыялог". "Раней размаўлялі з люстэркам, глядзелі на сябе і адказвалі самім сабе, асуджаючы тых, хто быў звонку", - заўважыў Святы Айцец.
Пантыфік узгадаў аднаго пастыра ў Буэнас-Айрэсе, які пасылаў скаўтаў падпальваць палаткі евангелістаў. “Пратэстанты не лічыліся людзьмі, таму што існавала атмасфера асуджэння”, - нагадаў Папа. Свой першы ўрок экуменізму Святы Айцец атрымаў ад бабулі ва ўзросце чатырох гадоў. Сустрэўшы на вуліцы двух прадстаўніц Арміі выратавання, ён пацікавіўся, хто яны. Бабуля адказала: "Яны пратэстанткі, але яны добрыя людзі", - падзяліўся ён успамінамі.
“З яўрэямі ў мяне заўсёды былі блізкія адносіны, дзякуючы школе, дзе ў мяне былі аднакласнікі яўрэі”, - працягнуў Францішак, дадаючы, што ў бытнасць арцыбіскупам суправаджаў паміраючага аднакласніка яўрэя.
Важна, каб кожны з нас вёў дыялог з братамі і сёстрамі, таму што ўсе мы – дзеці Божыя. Бог, па словах Папы, выяўляецца ва ўсіх культурах, ва ўсіх народах, якія прайшлі розныя гістарычныя шляхі, “але гэта той жа Бог”, - сказаў Папа.
Падчас міжрэлігійнага дыялогу, - папярэдзіў Святы Айцец, - нельга казаць, што мой Касцёл – адзіны і сапраўдны, а ваша Царква – “другой ці чацвёртай катэгорыі". Трэба казаць, што мой шлях – верны для мяне, гэта тое, чаго хоча Бог. Але я паважаю шлях іншых, і “гэта не рэлятывізм, гэта павага і суіснаванне”, - падкрэсліў Папа.