ҽ

Папа падчас аўдыенцыі з Таварыствам і Кангрэгацыяй Боскіх Пакліканняў Папа падчас аўдыенцыі з Таварыствам і Кангрэгацыяй Боскіх Пакліканняў  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Святы Айцец: сёння вельмі важна клапаціцца аб пакліканнях

Клапаціцца аб пакліканнях можна трыма шляхамі: малітвай, абвяшчэннем Божага слова і місіянерствам, - нагадаў Папа 22 мая 2023 года падчас аўдыенцыі, прымеркаванай да гадавіны кананізацыі італьянскага святара Джусціна Марыі Русаліла.

Марыя Валодзіна – Pope

Святкаванне гадавіны абвяшчэння святым заснавальніка Таварыства Боскіх Пакліканняў і Кангрэгацыі Сясцёр Боскіх Пакліканняў з’яўляецца, на думку Пантыфіка, добрай нагодай, каб паразважаць пра спадчыну святога Джусціна, пра пасланне, якое ён пакінуў для сучаснасці і будучыні.

Харызма заснаваных ім таварыства і кангрэгацыі заключаецца ў тым, каб клапаціцца аб пакліканнях, асабліва да святарства і кансэкраванага жыцця. Сёння ў гэтым існуе вялікая неабходнасць, - лічыць Францішак, дадаючы, што дасягнуць гэтага можна трыма шляхамі: малітвай, абвяшчэннем Божага слова і місіяй.

“Па-першае, малітва, якая з'яўляецца коранем усёй нашай дзейнасці і кожнага апостальства”, - адзначыў Святы Айцец, патлумачыўшы, што малітва змяняе нас, робіць нас новымі, светлымі, ветлівымі і радаснымі людзьмі. Наш лад жыцця і жыццёвы выбар прыцягваюць тых, каго мы сустракаем, асабліва маладых людзей, бо яны бачаць адлюстраванне Божага святла на нашых тварах, Яго пяшчоту і любоў у нашых жэстах, Яго радасць у сэрцах тых, хто цалкам ахвяраваў сябе Яму. “Менавіта малітва дазваляе нам стаць такімі. Не будзем грэбаваць ёю!” - заахвоціў Францішак.

Па-другое, не варта забываць пра важнасць абвяшчэння Божага слова, - нагадаў сваім гасцям Пантыфік. У сучасным культурным кантэксце, калі пачуццё прысутнасці Бога знікае і вера гасне, людзі, асабліва моладзь, могуць не разумець сэнс і кірунак свайго жыцця. Яны жывуць адным днём альбо плануюць сваё жыццё, не задумваючыся пра шлях, аб якім марыць для іх Пан. Тады неабходна вярнуцца да евангелізацыі: абвяшчаць Божае слова, лёгка і горача паведамляць змест веры, суправаджаць людзей у духоўным распазнаванні, - пажадаў сваім слухачам Папа.

Па-трэцяе, ён заклікаў сваіх гасцей заўсёды развіваць і абнаўляць місіянерскі дух. Выкарыстоўваць кожную магчымасць, каб ахапіць усіх радасцю Евангелля, весці дыялог з моладдзю, выказваць сваю блізкасць да сем'яў, узбагачаць чалавечую дзейнасць, асабліва ў сферы адукацыі. Для выканання гэтай місіі неабходна каштоўнае служэнне свецкіх, якія падзяляюць харызму святога Джусціна, а таксама здольнасць прымаць, слухаць і суцяшаць, - падкрэсліў Пантыфік.

Напрыканцы прамовы, Францішак пажадаў Таварыству і Кангрэгацыі Боскіх Пакліканняў “заўсёды быць адкрытай прасторай для сустрэчы з людзьмі і клопату аб пакліканнях, месцам малітвы і распазнавання для тых, хто ў пошуку, месцам суцяшэння для тых, хто паранены”. “Ідзіце смела наперад”, - благаславіў Папа членаў сям'і Боскіх Пакліканняў.

22 мая 2023, 12:41