ҽ

Прэзідэнт Украіны з візітам у Ватыкане

13 мая 2023 года Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане Прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага. З пачатку шырокамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну гэта была іх першая сустрэча.

Аляксандр Панчанка – Pope

Зала Друку Апостальскай Сталіцы паінфармавала, што сустрэча працягвалася каля 40 хвілін. Тэмы размовы тычыліся гуманітарнай і палітычнай сітуацыі ва Украіне, выкліканай вайной.

“Папа запэўніў у сваёй пастаяннай малітве, засведчаннай яго шматлікімі публічнымі заклікамі і пастаяннымі просьбамі да Пана аб міры, скіраванымі з лютага мінулага году. Бакі пагадзіліся з неабходнасцю працягваць гуманітарную дзейнасць па падтрымцы насельніцтва. Папа асабліва падкрэсліў неабходнасць “жэстаў чалавечнасці” ў адносінах да найбольш уразлівых людзей, нявінных ахвяр канфлікту”, - гаворыцца ў афіцыйным паведамленні Святога Пасаду.

Падчас абмену падарункамі Пантыфік уручыў украінскаму лідару бронзавую скульптурную выяву аліўкавай галінкі, сімвалу міру, некалькі сваіх дакументаў, у тым ліку на тэму міру і братэрства, а таксама зборнік сваіх прамоў пад назвай Энцыкліка аб міры ва Украіне.

Уладзімір Зяленскі падарыў Святому Айцу мастацкую кампазіцыю, зробленую з пліты бронекамізэлькі, якая выратавала жыццё ўкраінскаму салдату на полі бою, а таксама карціну пад назвай Страта, прысвечанай забойству дзяцей падчас канфлікту: на ёй Маці Божая трымае на руках цёмны контур Дзіцятка Езуса.

Францішак асабіста сустракаўся з Уладзімірам Зяленскім ужо ў другі раз. Першы візіт украінскага лідара ў Ватыкан прайшоў 8 лютага 2020 года, менш чым праз год пасля яго абрання кіраўніком дзяржавы.

Пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну Папа некалькі разоў размаўляў з Прэзідэнтам Украіны па тэлефоне. Іх першая гутарка адбылася праз два дні пасля пачатку вайны, 26 лютага 2022 года. Святы Айцец і ўкраінскі лідар размаўлялі таксама 22 сакавіка і 12 жніўня 2022 года. 27 красавіка 2023 года Папа прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане Прэм’ер-міністра Украіны Дзяніса Шмыгаля.

Пантыфік няспынна звяртае ўвагу на сітуацыю ва Украіне падчас сваіх сустрэч і публічных зваротаў. Ён падкрэсліваў, што вайна не можа быць спосабам вырашэння міжнародных канфліктаў, крытыкаваў выкарыстанне рэлігіі для апраўдання агрэсіі, заклікаў паважаць міжнароднае права, выказваў блізкасць ахвярам нападу.

3 красавіка 2022 года Францішак звяртаўся да Уладзіміра Пуціна з заклікам “з любові да свайго народа спыніць гэту спіраль насілля і смерці”, а да Уладзіміра Зяленскага “быць адкрытым на сур’ёзныя прапановы міру”. Напрыканцы лістапада 2022 года ён скіраваў спецыяльны Ліст да ўкраінскага народа.

Святы Айцец неаднойчы падкрэсліваў, што гатовы зрабіць усё, што магчыма, дзеля міру ва Украіне. Ён спрыяў абмену палоннымі, рэалізацыі шматлікіх гуманітарных ініцыятыў, паведаміў пра гатоўнасць Святога Пасаду дапамагчы ў вяртанні дэпартаваных у Расію ўкраінскіх дзяцей, а пасля нядаўняга падарожжа ў Будапешт заявіў, што Апостальская Сталіца ажыццяўляе адмысловую мірную місію, якая пакуль не з’яўляецца публічнай.

Візіт Прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ў Ватыкан
13 мая 2023, 16:21